Аўторак, 02 Кастрычнік 2018

На Міколу Качурца завялі выканаўчае справаводзтва аб спагнаньні штрафу за Курапаты

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Мікола Качурэц падчас Курапацкай вахты. Фота: svaboda.org Мікола Качурэц падчас Курапацкай вахты. Фота: svaboda.org

Аддзел прымусовага выкананьня Першамайскага раёну Віцебску 18 верасьня распачаў выканаўчае справаводзтва ў дачыненьні віцябляніна Міколы Качурца, каб спагнаць зь яго адміністрацыйны штраф у памеры 24,50 рублёў на карысьць УУС Менскага аблвыканкаму. Копію пастановы аб распачынаньні выканаўчага справаводзтва Мікола Качурэц атрымаў толькі 2 кастрычніка.

Мікола кажа, што да гэтага дня ня ведаў ні пра штраф, ні пра тое, што супраць яго яшчэ два тыдні таму распачалі выканаўчае справаводзтва. Мяркуе, што 24,50 рублёў штрафу яму прысудзілі за ўдзел у Курапацкай вахце 6 ліпеня, калі на яго склалі пратакол супрацоўнікі ДАІ.

“Хутчэй за ўсё, гэта штраф за нібыта парушэньне дарожнага руху. Але выплачваць я яго не зьбіраюся і ня буду, бо нічога не парушаў”, – гаворыць Мікола Качурэц.

Яшчэ адзін штраф?..

У той жа дзень (2 кастрычніка) Качурэц атрымаў ліст з Бараўлянскага сельвыканкаму. Актывісту паведамілі, што ў дачыненьні да яго “паступіў матэрыял аб адміністрацыйным правапарушэньні, прадугледжаным арт. 15.24 КаАП РБ” (Парушэньне правіл выкарыстаньня зямель ляснога фонду). І ў сувязі з гэтым патрабавалі “ў абавязковым парадку” 1 кастрычніка зьявіцца ў сельвыканкам для дачы тлумачэньняў.    

Артыкул 15.24 КаАП РБ прадугледжвае штраф ад 4 да 20 базавых велічынь.

“Матэрыялы аб адміністрацыйным правапарушэньні” паводле гэтага артыкулу зьявіліся падчас той жа Курапацкай вахты 6 ліпеня, калі Качурэц разам са Зьмітром Дашкевічам ды іншымі актывістамі ўсталёўвалі ў Курапатах вялікія крыжы. Мікола ўзгадвае, што міліцыянты перапісвалі тады ягоныя асабістыя дадзеныя.

Натуральна, што ніякіх тлумачэньняў 1 кастрычніка ў Бараўлянах ён не даваў.

Нагадаем таксама, што нядаўна старшыня Віцебскага аблсуду адмяніў рашэньне аб пакараньні Мікола Качурца за адзіночны пікет на Дзень Волі. На 100-годзьдзе БНР віцяблянін выйшаў з бел-чырвона-белым сьцягам да помніка Альгерду ў Віцебску, быў затрыманы, правёў ноч у ІЧУ і назаўтра быў аштрафаваны Кастрычніцкім судом на 735 рублёў.   

Зьміцер Міраш