Чацвер, 21 Сакавік 2024

У Глыбокім абралі так званага кандыдата ў члены Савета Рэспублікі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Як піша сайт “Веснік Глыбоччыны”, на сумесным пасяджэнні прэзідыума так званага Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў і Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта адбылося вылучэнне кандыдата ў члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь восьмага склікання. І што трэба зазначыць, гэты чалавек ніякага дачынення да Глыбоччыны не меў і не мае. Яшчэ раз сведчанне таго, што такіх людзей не абіраюць а прызначаюць ужо загадзя ўзгодненых.

У пасяджэнні прымаў удзел намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, які і прапанаваў кандыдатуру Наталлі Маркавіч, старшыні так званага Ушацкага раённага Савета дэпутатаў.

Паводле інфармацыі глыбоцкай раёнкі, Наталля Маркавіч нарадзілася ва Ушачах у 1978 годзе, мае вышэйшую адукацыю (скончыла ў 2003 годзе Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, у 2016 годзе - Акадэмію кіравання пры Лукашэнку). Прайшла шлях ад эканаміста да начальніка вытворча-эканамічнага аддзела. На працягу 14 гадоў была дырэктарам дзяржаўнай установы "Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва" Ушацкага раёна. Працавала на пасадзе намесніка старшыні Ушацкага райвыканкама. З сакавіка 2018 года - старшыня Ушацкага раённага Савета дэпутатаў.

У падтрымку Наталлі Маркавіч таксама выступілі вядучы спецыяліст глыбоцкай раённай арганізацыі ГА "Белая Русь" Таццяна Карніловіч і старшыня Празароцкага сельскага Савета, выканаўчага камітэта Інэса Міхайлоўская.

Па выніку “галасавання” так званага прэзідыума райсавета дэпутатаў і членаў раённага выканаўчага камітэта Наталля Марковіч вылучана кандыдатам у члены Савета Рэспублікі восьмага склікання.

Напрыканцы, як піша сайт “Веснік Глыбоччыны”, Наталля Маркавіч падзякавала ўдзельнікам пасяджэння за аказаны давер і адзначыла, што ўсе свае далейшыя памкненні накіруе на паляпшэнне жыцця людзей.

Вось толькі ці палепшыцца жыццё простых людзей ад яе абрання, тым больш на Глыбоччыне, у гэтым ёсць вялікія сумневы. Трапіўшы туды, там ужо мала хто думае пра простых людзей. Ды і гэтыя члены ніякага свайго голасу ў Савеце Рэспублікі не маюць, а толькі амаль заўжды адзінагалосна галасуюць за розныя законы і папраўкі ў іх, тым самым ускладняючы жыццё простых людзей.

Алег Шумаў