Субота, 24 Люты 2024

Некаторыя ўчасткі на Віцебшчыне справаздачацца пра больш за 30% прагаласаваўшых датэрмінова

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Як піша сайт “Міёрскія навіны”, на выбарчым участку № 10 у Чэрасах Мёрскага раёна вяскоўцы абазначылі сваю грамадзянскую пазіцыю. Участак знаходзіцца ў мясцовым Доме культуры. Як хваляцца ўлады, з пачатку датэрміновага галасавання да 14.00 23 лютага 33% выбарцаў - 159 вяскоўцаў - пазначылі сваю грамадзянскую пазіцыю. Паводле чальцоў выбарчай камісіі, так званае датэрміновае галасаванне праходзіць спакойна.

Найбольш ажыўлена на ўчастку на 17.00, - кажа старшыня выбарчай камісіі Аксана Матэленак. – Хтосьці адзін прыходзіць, сем’ямі ідуць. Бацькі бяруць з сабой дзетак, малым цікава апускаць бюлетэні ў скрыню. Адна дзяўчынка разам з бацькамі зайшла ў кабінку для галасавання і па ўказанні бацькоў ставіла галачкі ў адпаведных ячэйках.

На ўчастку 467 выбарцаў. З іх 105 будуць галасаваць на даму, то бок гэта чацвёртая частка ад усіх выбарцаў.  Да іх чальцы выбарчай камісіі скіруюцца ў асноўны дзень так званых выбараў - 25 лютага.

У гэты дзень на ўчастку збіраюцца ладзіць канцэрт, тым самым спрабуючы прыцягнуць людзей да актыўнага галасавання.

Канцэрты, тэатралізаваныя выступы, буфеты з таварамі па невялікіх коштах, пернікі, лукашэнкаўскія Канстытуцыі – чым толькі не прывабліваюць улады людзей, каб яны прыйшлі на так званыя выбары. Для іх у цяперашняй сітуацыі асабліва важна паказаць высокую яўку, бо гэта як легітымацыя іх улады. Толькі вось на здымках, якія публікуюць раённыя выданні Віцебшчыны, ніяк не назіраецца гэтая масавасць. Ды і фатаграфуюць карэспандэнты ў асноўным чыноўнікаў, сілавікоў і прафсаюзных работнікаў.

Яўген Дунін