Чацвер, 22 Люты 2024

У Паставах прыйшоў галасаваць датэрмінова кіраўнік раёна разам з малалетнім сынам

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Сяргей Чэпік прыйшоў на ўчастак №2, які размяшчаецца ў першай школе горада. Ён завітаў туды разам з малалетнім сынам і сказаў, што робіць гэта рэгулярна, таму што прывіваць электаральную культуру трэба на асабістым прыкладзе. Ён заўважыў, што ўражанняў для яго сына праз гэта будзе на некалькі дзён. Мясцовая раёнка нават зрабіла пра гэта відэасюжэт.

У Паставах сцвярджаюць, што самыя загружаныя гадзіны для выбарчай камісіі – гэта абедзенныя і вячэрнія, што быццам у гэты час на ўчасткі накіроўваецца найбольшы паток жадаючых зрабіць свой выбар.

Як піша сайт мясцовай раёнкі, быццам у першы дзень галасавання было шматлюдна на ўчастку галасавання №2, да якога прапісана больш за 2.5 тысячы выбарцаў. Гэты ўчастак знаходзіцца ў сярэдняй школе №1 горада. Праўда, ні на адным здымку не бачная гэтая шматлюднасць.

Прыйшлі галасаваць датэрмінова ў асноўным пенсіянеры, моладзь і жыхары прылеглага мікрараёна, якія накіроўваліся на абед і з абеду. Кожнаму з выбарцаў выдаюць на рукі па тры бюлетэні.

Нагадаем, на Пастаўшчыне ў так званую Палату прадстаўнікоў на Пастаўскай выбарчай акрузе №29 “выбіраецца” кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сергяенка. Канкурэнцыю яму складаюць Дзмітрый Андрэйчык, кіраўнік сялянскай (фермерскай) гаспадаркі «АНДРЭІЧыК» з пасёлка Варапаева Пастаўскага раёна. Ён вылучаны ад ліберальна-дэмакратычнай партыі і Ірына Мурашка першы сакратар Браслаўскага БРСМ і сябра партыі “Белая Русь”, яна ідзе на так званыя выбары ад гэтай жа партыі.

Кандыдатамі ў абласны савет на Пастаўскай выбарчай акрузе №55 з’яўляецца Алег Крукоўскі, начальнік філіяла “Дарожна-эксплуатацыйнага ўпраўлення №33” рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства аўтамабільных дарог “Віцебскаўтадар” (якога хутчэй за ўсё і прызначаць улады) і Таццяна Русалоўская, намесніца начальніка аддзела па адукацыі Пастаўскага райвыканкама.

А на Пастаўскай выбарчай акрузе №54  - Сяргей Латэцкі, дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Паставымэбля” і Павел Казакевіч, начальнік аддзела эканомікі Пастаўскага райвыканкама (відаць, ён і будзе прызначаны ўладамі).

Дана Крушыліна