19 студзеня суд Першамайскага раёну Віцебску вынес рашэнне ў справах Таццяны Севярынец і Алены Касновай, затрыманых разам з іншымі жанчынамі 13 студзеня ў лесе за станцыяй «Лучоса» і абвінавачаных паводле артыкулу 23.34 КаАП. Суддзя Барысава пастанавіла спыніць справу ў сувязі з недаказанасцю вінаватасці і прынесла афіцыйнае прабачэнне.

У Віцебску 15 студзеня затрымалі студэнтку медычнага ўніверсітэту Паліну Нітчанка, паведамляе телеграм-канал «ВДМУ – разам». У суботу суд Чыгуначнага раёну Віцебску прысудзіў ёй 7 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у відэазвароце да ўладаў, запісаным яшчэ ў кастрычніку 2020 году, піша TUT.BY.

14 студзеня віцебскія суды пачалі разглядаць справы пяці жанчын, затрыманых днём раней у лесе за чыгуначнай станцыяй «Лучоса» пад Віцебскам. Яны больш за суткі знаходзіліся пад вартай, а ноч правялі ў віцебскім СІЗА. Пенсіянерка Тамара Ільіна трапіла ў лякарню.

13 студзеня Віцебскі абласны суд разгледзеў скаргі незалежнай журналісткі Алены Шабуні і трох грамадскіх актывістаў на рашэнні раённых судоў Віцебску і суду Докшыцкага раёну. Скаргі разглядалі суддзі Святлана Іванова і ІрынаСмалякова. Ніводная з пададзеных скаргаў не была задаволеная.

11 студзеня суд Кастрычніцкага раёну Віцебску пачаў разглядаць крымінальную справу 25-гадовага віцябляніна Арцёма Ісакава, абвінавачанага паводле арт. 364 КК («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных спраў»). Раней да адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці Ісакаў не прыцягваўся. Цяпер яму пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.