Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 31 студзеня за публічную дэманстрацыю нацысцкай сімволікі арыштавала на 13 сутак кантралёра кантрольна-прапускнога пункта ААТ "Нафтан" актывіста гіравага спорту і члена Белхімпрафсаюза Артура Францава.

У МУС Расіі на публічным сэрвісе, з дапамогай якога можна праверыць, ці знаходзіцца чалавек у вышуку на тэрыторыі "саюзнай дзяржавы", з 95994 чалавек лічыцца 3186 грамадзян і ўраджэнцаў Беларусі. Тамсама знаходзяцца як мінімум 15 жыхароў Віцебска і Віцебскай вобласці.

Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 30 студзеня за падпіску на «экстрэмісцкі» інфармацыйны рэсурс аштрафавала на 800 рублёў Ірыну Асташову.

8 лютага 2024 года суд Пінскага раёна і горада Пінска прызнаў «экстрэмісцкай» старонку «Настоящая Беларусь» у сацсетцы Facebook, якую ў 2019 годзе стварыла віцебская відэаблогерка Алена Янушкоўская. У той самы дзень суд Лідскага раёна залічыў ў «экстрэмісцкую інфармацыйную прадукцыю» старонкі ў Facebook і Instagram наваполацкай мастачкі Вольгі Якубоўскай. «Экстрэмісцкім» прызнаны нават аўтапартрэт мастачкі, размешчаны на аватарцы.

Суддзя суда Першамайскага раёна Віцебска Міхаіл Юрчанка 23 студзеня за распаўсюджванне экстрэмісцкіх публікацый у сацыяльнай сетцы аштрафаваў на 1000 рублёў рабочага віцебскага прыватнага гандлёвага унітарнага прадпрыемства Юрыя Барысевіча. Разбіральніцтва справы прайшло без удзелу «правапарушальніка», тым самым уладамі было парушана яго права на абарону.