Субота, 17 Люты 2024

«Эстрэмісцкімі» прызналі сацсеткі блогеркі Алены Янушкоўскай і мастачкі Вольгі Якубоўскай

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

8 лютага 2024 года суд Пінскага раёна і горада Пінска прызнаў «экстрэмісцкай» старонку «Настоящая Беларусь» у сацсетцы Facebook, якую ў 2019 годзе стварыла віцебская відэаблогерка Алена Янушкоўская. У той самы дзень суд Лідскага раёна залічыў ў «экстрэмісцкую інфармацыйную прадукцыю» старонкі ў Facebook і Instagram наваполацкай мастачкі Вольгі Якубоўскай. «Экстрэмісцкім» прызнаны нават аўтапартрэт мастачкі, размешчаны на аватарцы.

Першыя свае відэаролікі Алена Янушкоўская здымала у вёсцы Суйкава пад Віцебскам, дзе яна жыла, яе мэтай было паказаць, як нялёгка жывуць людзі ў сельскай мясцовасці. Так быў створаны відэаканал «Настоящая Беларусь», а пазней з'явіліся і аднайменныя старонкі ў сацыяльных сетках. У 2020 годзе відэаблогерка асвятляла грамадскія пратэсты. Яе каля дзясятка разоў затрымлівалі і судзілі «за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах». Потым супраць Алены Янушкоўскай распачалі і крымінальную справу — «за абразу прэзідэнта». Відэаблогерка была вымушаная з прычыны пераследу пакінуць Беларусь.

З'ехала з Беларусі і мастачка Вольга Якубоўская, аўтарка серыі малюнкаў «Коцікі свабоды» з пазнавальнымі героямі – белымі коцікамі-беларусамі. Першыя малюнкі з'явіліся яшчэ ў Наваполацку, дзе мастачка назірала за пратэстнымі падзеямі, потым яна пачала прысвячаць свае працы вядомым беларускім грамадскім дзеячам, і жыццё ў горадзе, які стаў ёй родным амаль на 30 гадоў, стала небяспечным.

Цяпер «Коцікі свабоды» - гэта не толькі малюнкі: выявы кацянят з бел-чырвона-белай сімволікай з'явіліся не календарах, цішотках, шоперах, значках, шкарпэтках, цукерках... Увесь гэты мерч і быў рэкламаваны на старонцы ў Іnstagram, якую 30 студзеня прызнаў экстрэмісцкай Лідскі раённы суд. Праз некалькі дзён гэты ж суд залічыў у «экстрэмісцкія» і асабістыя старонкі мастачкі ў Facebook ( "Olga Yakubouskaya") і Instagram ("yakubouskayaolga"). Нават лагатып у гэтай сацсетцы прызнаны «экстрэмісцкім». Па-сутнасці, гэта дзіцячы аўтапартрэт мастачкі, які ў «Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў» апісаны наступным чынам: «выява дзіцяці на барвовым фоне з устўкамі бела-чырвона-белых рысак, са сватлымі валасамі і блакітнымі вачыма, апранутага ў футболку белага колера з чырвоным сэрцам». Пад такое апісанне можа трапіць далёка не адзін малюнак, але складальнікаў «экстрэмісцкага спіса» гэта не турбуе.

Валянціна Махнач