Панядзелак, 19 Люты 2024

За дэманстрацыю нацысцкай сімволікі ўлады арыштавалі работніка "Нафтана"

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 31 студзеня за публічную дэманстрацыю нацысцкай сімволікі арыштавала на 13 сутак кантралёра кантрольна-прапускнога пункта ААТ "Нафтан" актывіста гіравага спорту і члена Белхімпрафсаюза Артура Францава.

У судзе быў зачытаны пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, з якога вынікала, што Артур на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» распаўсюдзіў відэаролік з выявай эмблемы нацыянал-сацыялістычнай працоўнай партыі Нямеччыны, а таксама выявай свастыкі – якая з'яўляецца сімвалам нацыянал-сацыялістычнай працоўнай партыі Германіі, і якая прадстаўляе знак у выглядзе крыжа з чатырма канцамі, загнутымі ў правы бок пад прамым кутом.

У судовым паседжанні мужчына віну не прызнаў, указаў на тое, што ён не пераследваў мэты публічнай дэманстрацыі нацысцкай сімволікі, а ролік размясціў дзеля забаўкі.

Палічыўшы, што віна і дачыненне да адміністрацыйнага правапарушэння даказаныя, суддзя Балаболава на падставе ч.1 арт.19.10 КаАП падвергла Францава арышту на трынаццаць сутак.

Алег Навіцкі