Нядзеля, 03 Сакавік 2024

11 сакавіка будуць судзіць Вольгу Брыцікаву, былую лідарку незалежнага прафсаюза прадпрыемства "Нафтан"

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Яе справу будуць разбіраць у Віцебскім абласным судзе пад старшынёўствам суддзі Галіны Бондал. Брыцікаву вінавацяць у распальванні варажнечы (ч.1 арт. 130 Крымінальнага Кодэкса).

Жанчыну затрымалі ў жніўні 2023г., але на той момант супраць яе былі высунуты абвінавачванні паводле ч. 1 арт 361 Крымінальнага кодэкса (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або здрадзе дзяржаве, або здзяйснення акта тэрарызму або дыверсіі, або ажыццяўлення дзеянняў, накіраваных на парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь, або здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, у тым ліку на прымяненне мер абмежавальнага характару (санкцый) у дачыненні да Рэспублікі Беларусь ).

Па звестках праваабаронцаў, следства безвынікова шукала доказы вінаватасці Брыцікавай, адпаведныя высунутаму абвінавачванню. У апошнія месяцы 2023 г. у Наваполацку масава затрымлівалі былых і цяперашніх работнікаў «Нафтана», у тым ліку ўдзельнікаў агульнанацыянальнага страйку, і распытвалі іх пра дзейнасць Вольгі Брыцікавай. Але, падобна, доказаў супраць яе, каб прымяніць згаданы вышэй артыкул Крымінальнага кодэксу, так і не знайшлі.

Жанчыну будуць судзіць паводле арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы). Зараз яе ўтрымліваюць у віцебскім СІЗА-2. За час утрымання пад вартай Вольга Брыцікава страціла роднага брата, на пахаванне яе не адпусцілі.

У 2022 год Брыцікава правяла за кратамі 105 сутак. Яе вінавацілі ў адміністрацыйных правапарушэннях, у тым ліку за «несанкцыянаваны пікет» -- малюнак з надпісам "Не вайне", які жанчына апублікавала ў сацсетках.

Людміла Паўлоўская