Субота, 24 Люты 2024

Другі раз за "экстрэмізм" у сацсетках улады арыштавалі 63-гадовую жыхарку Паставаў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суддзя суда Пастаўскага раёна Наталля Максімовіч 9 лютага за распаўсюджванне "экстрэмізму" ў сацыяльных сетках арыштавала на 10 сутак прыбіральшчыцу мясцовага камбіната бытавога абслугоўвання Алену Борсук. А 16 лютага суддзя Віцебскага абласнога суда Святлана Іванова разгледзела яе апеляцыю і пакінула без змены рашэнне суда першай інстанцыі, а скаргу «правапарушальніцы» без задавальнення. Раней, 16 студзеня, Барсук была пакарана арыштам па арт. 19.11 КаАП.

У судзе стала вядома аб тым, што Алена з 23 лістапада 2020 года па 20 снежня 2023 года распаўсюдзіла на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы "Аднакласнікі" інфармацыйную прадукцыю: "НАШ ДОМ", "Анатоль Лябедзька", "Валерый Цапкала", "Ябацькi наХ "і" Аляксандр Цярлюк".

У судовым паседжанні жанчына заявіла аб тым, што падчас допыта ў мясцовым РАУС з боку работнікаў міліцыі на яе аказваўся псіхалагічны ціск,і ўлады адмовілі ёй у праве на абарону – кансультацыю ў адваката.

Тым не менш суддзя Максімовіч палічыла, што віна Барсук у здзяйсненні правапарушэння ў межах ч.2 арт.19.11 КаАП даказаная і пакарала жанчыну арыштам на дзесяць сутак.

Алеся Гамянюк