Пятніца, 02 Люты 2024

Барыса Хамайду аштрафавалі на 600 рублёў і прызначылі новы суд

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У судзе Першамайскага раёна Віцебска скончыўся разбор адміністрацыйнай справы, распачатай 24 студзеня гэтага года супраць найстарэйшага віцебскага апазіцыянера. 25 студзеня суддзя Міхаіл Юрчанка не знайшоў дастатковых падстаў, каб пакараць Барыса Хамайду, і выклікаў у судовае пасяджэнне сведкаў- міліцыянтаў. Адміністрацыйная справа была распачатая паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП: на старонцы Барыса Ханонавіча ў Фэйсбуку сілавікі знайшлі «экстрэмісцкія» падпіскі. Аднак актывіст цвердзіць, што яны з'явіліся пасля таго, як ягоны тэлефон трапіў у рукі да сілавікоў падчас ператрусу 23 студзеня.

Так ці інакш, але спадара Хамайду ўсё ж прызналі вінаватым паводле ч.2 арт.19.11 КаАП, яму прысудзілі штраф памерам 15 базавых велічын. І адразу пасля суду зноўку завезлі ў пастарунак, дзе склалі новы адміністрацыйны пратакол. Уручылі і позву на наступны суд, які мае адбыцца ў наступны панядзелак, 5 лютага.

Супрацоўнікі Першамайскага РАУС не знайшлі нічога лепшага, каб «адвесіць» камплімент сталаму чалавеку, якога толькі што аштрафавалі на суму, роўную ягонай пенсіі. «Шыкоўна выглядаеце», -- пачуў ад міліцыянтаў 76-гадовы актывіст. «Госпадзе! Дай мне сілы спакойна успрымаць падзеі, ход якіх я пакуль не магу змяніць», -- напісаў Барыс Ханонавіч на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, каментуючы апошнія падзеі.

Міхаіл Абрамаў