Панядзелак, 15 Студзень 2024

За распаўсюд «экстрэмізму» і «нацызму» ў сацсетках улады буйна аштрафавалі электраманцёра

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суддзя суда Лёзненскага раёна Аляксей Лапушынскі 27 снежня за распаўсюд «экстрэмісцкіх» публікацый і нацысцкай сімволікі ў сацыяльнай сетцы аштрафаваў на 1480 рублёў электраманцёра мясцовай філіі РУП «Віцебскэнерга» Сяргея Кудраўцава.

У судзе высветлілася, што Сяргей у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» на сваёй старонцы размясціў інфармацыю суполкі з назвай «STOP LUKA», якую ўлады лічыць экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Там жа супрацоўнікі Лёзненскага РАУС знайшлі нацысцкую сімволіку, а менавіта свастыку, якая з'яўляецца сімвалам Нацыянал-сацыялісцкай рабочай партыі Германіі і прадстаўляе сабой знак у выглядзе крыжа з чатырма канцамі, загнутымі ў правы бок пад прамым вуглом.

З гэтых фактаў суддзя Лапушынскі прыйшоў да высновы, што мужчына датычны да здзяйснення двух правапарушэнняў і на падставе ч. 2 арт. 19.11 і ч. 1 арт. 19.10 КаАП, пастанавіў аштрафаваць Кудраўцава за «экстрэмізм» на 1110 рублёў і «нацызм» на 370 рублёў.

Дзіна Зотава