Чацвер, 14 Снежань 2023

За падпіску на «экстрэмісцкі» інфарэсурс ўлады пакаралі арыштам беспрацоўнага

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Суддзя суда Аршанскага раёна і Оршы Мікалай Драгуноў 5 снежня за захоўванне ў сацыяльнай сетцы «экстрэмісцкіх» публікацый арыштаваў на 8 сутак мясцовага жыхара бацькі двух непаўналетніх дзяцей беспрацоўнага Уладзіміра Мяжуева.

У судовым паседжанні Уладзімір прызнаў сваю вінаватасць у тым, што ён сапраўды ў сацыяльнай сетцы «Facebook» захоўваў у адкрытым доступе, інтэрнэт-старонку з назвай «Наш Дом». Раней інфармацыйная прадукцыя гэтага выдання ўлады ўнеслі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Абараняючыся ў судзе, мужчына сцвярджаў, што не ведаў, што "Наш Дом" з'яўляецца экстрэмісцкім і таму, ён не выдаліў яе са сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы.

На думку суддзі Драгунава ў дзеяннях Мяжуева меліся ўсе прыкметы адміністрацыйнага правапарушэння і на падставе ч. 2 арт. 19.11 КаАП пакараў яго  арыштам тэрмінам на 8 сутак.

Радыён Кускоў