Пятніца, 04 Жнівень 2023

Наведнікаў школьнага летніка ў Вушачах вадзілі на экскурсію ў суд

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Летнік «Орлёнок» пры Вушацкай сярэдняй школе лічыцца аздараўленчым. Таксама, аддаючы даніну ідэалагічнай модзе апошняга часу, адміністрацыя дзіцячай установы назвала яго вайскова-патрыятычным. Прынята падкрэсліваць, што ў вайскова-патрыятычныя дзіцячыя аб“яднанні залічваюць найлепшых вучняў, якія з“яўляюцца ўзорам для іншых, прынамсі, у плане ідэалагічнай падрыхтоўкі. І тут нечаканы кантраст: выхаванцаў летніка «Орлёнок» павялі на экскурсію ў суд з мэтай прафілактыкі правапарушэнняў і злачынстваў у асяродку непаўналетніх.

Пра наведванне суду школьнікамі, пераважна сярэдніх класаў, як вынікае з размешчанага фота, распавяла вушацкая раённая газета «Патрыёт». Паводле матэрыялу ў «раёнцы», школьнікам паказалі пост аховы, патлумачылі правілы прапускнога рэжыму, завялі ў судовую залу, але «найбольшую цікаўнасць у дзяцей выклікаў агляд канвойнага памяшкання, дзе чакаюць суду зняволеныя, якія ўтрымліваюцца пад вартай».

Выбар суда ў якасці экскурсійнага аб'екта ў Вушачах здзіўляе яшчэ й тым, што ў райцэнтры ёсць мноства іншых мясцін, вартых наведвання са школьнікамі. Напрыклад, хата аднаго з самых вядомых сучасных паэтаў Рыгора Барадуліна, алея славутых землякоў, дзе ўсталяваны бюсты таго ж Рыгора Барадуліна і выбітнага празаіка Васіля Быкава, чыю творчасць вывучаюць і шануюць ва ўсім свеце, мясцовы касцёл, які з“яўляецца помнікам архітэктуры неаготыкі, будынак праваслаўнай царквы, які з“яўляецца сучасным, але можа стаць нагодай для аповеда пра гісторыю праваслаўных храмаў у Вушачах. Са школьнікамі можна наведаць вушацкі Музей народнай славы і асобную экспазіцыю «Сялянская хата» у былым будынку Дома рамёстваў... Але дзяцей павялі ў суд, каб яны зацікавіліся прызначэннем і абстаноўкай канвойнага памяшкання.

Лявон Каляда