Пятніца, 04 Жнівень 2023

Палітвязню змянілі прысуд. Два гады калоніі замест двух гадоў “хатняй хіміі”

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У судзе Глыбоцкага раёна 20 снежня 2022 года асудзілі Аляксея Азарку паводле арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Андрэй Тарасевіч прызначыў Аляксею два гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (“хатняй хіміі”) і штраф 60 базавых велічыняў (1920 рублёў). 7 сакавіка 2023 года Віцебскі абласны суд узмацніў прысуд пасля апеляцыйнага пратэсту пракурора. 

Аляксея асудзілі за абразлівыя інтэрнэт-каментары ў тэлеграм-канале ў бок двух прадстаўнікоў улады. Як вынікае з тэкста пастановы, адна з лексемаў у каментарах Аляксея была “рожа”.

Аднак пасля абвяшчэння прысуду пракурор Глыбоцкага раёна В. падаў апеляцыйны пратэст у абласны суд на рашэнне суда Глыбоцкага раёну. Яму дапамог абгрунтаваць апеляцыйны пратэст намеснік начальніка аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці.

Не так даўно стала вядома пра тое, што Віцебскі абласны суд адмяніў рашэнне суда Глыбоцкага раёну і змяніў Аляксею два гады “хатняй хіміі” на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і штраф 60 базавых велічыняў (1920 рублёў).

Раiса Хацкевіч