Аўторак, 20 Красавік 2021

На мяжы з Літвой затрымалі віцябляніна, якога вінавацяць у абразе камандзіра менскага АМАПу Балабы

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)

36-гадовага жыхара Віцебску Вадзіма Ермаловіча затрымалі 14 красавіка недалёка ад дзяржаўнай мяжы з Літвой. Мужчына знаходзіўся на падпісцы аб нявыездзе. На яго была заведзеная крымінальная справа за абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). Па версіі следства, ён у Тэлеграм-чаце «Vitebsk_Юг» абразіў камандзіра менскага АМАПу палкоўніка Дзмітрыя Балабу.

Абразлівы каментар, паводле пастановы аб завядзенні крымінальнай справы, Вадзім Ермаловіч размясціў, «рэалізуючы намер на абразу прадстаўніка ўлады – камандзіра АМАП ГУУС Менгарвыканкаму палкоўніка міліцыі Балабы, з мэтай прынізіць яго гонар і годнасць у сувязі з выкананнем службовых абавязкаў, кіруючыся нізкімі намерамі, якія выявіліся ў жаданні паказаць Балабу ў зневажальным становішчы ў вачах шырокай грамадскасці, з выкарыстаннем неўстаноўленай электроннай прылады з доступам у Інтэрнэт».

Як сцвярджаецца, паведамленне ў чаце было размешчанае 24 снежня 2020 году. Крымінальную справу распачалі 20 сакавіка 2021 году. У гэты ж дзень Вадзіма Ермаловіча ўзялі пад варту, а ў ягоным доме ўчынілі ператрус: канфіскавалі камп'ютар, ноўтбук, нэтбук, флэшкі, мабільны тэлефон, а таксама грошы. Аднак праз 72 гадзіны па затрыманні (23 сакавіка) мужчыну вызвалілі з ізалятару пад падпіску аб нявыездзе. 

14 красавіка Вадзім Ермаловіч быў зноў затрыманы непадалёку ад мяжы Беларусі з Літоўскай Рэспублікай.

«Яго затрымалі на мяжы з Літвой. Мяжу ён не перасякаў. Месца нам не агучылі», – расказала маці затрыманага Таццяна.

«Пасля гэтага яго адправілі ў СІЗА. Ніякіх спатканняў нам не абяцалі, сказалі нельга нам па гэтым артыкуле. А перадачы носім», – дадала.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў Вадзім Ермаловіч браў удзел у пратэставых акцыях, якія праходзілі ў горадзе. На адной з іх быў затрыманы і аштрафаваны па артыкуле 23.34 КаАП. Паводле маці, у Вадзіма «абвостранае пачуццё справядлівасці», і ён не мог вынесці тое, «што робіцца зараз у краіне, гэты жах».

Незадоўга да завядзення крымінальнай справы Вадзім Ермаловіч звольніўся з працы.

«Збіраўся ехаць у Польшчу на працу. Ужо пра ўсё дамовіўся. І месца працы, і страхоўка была аплачаная, і віза адкрытая. Усё было падрыхтавана...» – кажа спадарыня Таццяна.

Цяпер Вадзім Ермаловіч знаходзіцца за кратамі ў віцебскім СІЗА-2.

Уладзімір Бяляўскі