Віцебская абласная пошта дасылае беларускамоўныя тэлеграмы, запісваючы іх пры дапамозе расейскага альфабэту. Такую тэлеграму атрымаў грамадзкі актывіст Ільля Заранок. «Як шкада, што ў краіне, дзе прынамсі дзьве мовы дзяржаўныя, Віцебская абласная пошта ня мае для беларусаў літараў І, Ё і Ў», – напісаў ён у «Facebook».

Больш за 60 чалавек апытаныя, амаль 20 чалавек затрыманыя. Аднак злачынца, які ўчыніў выбух ля будынку УКДБ ў Віцебску, так і ня знойдзены. 15 лістапада быў адпушчаны апошні падазраваны, што быў у сьледства. Цяпер па справе аб выбуху каля будынку ўпраўленьня КДБ у Віцебску няма затрыманых і падазраваных, паведаміў начальнік аддзелу інфармацыі і сувязі з грамадзкасьцю Сьледчага камітэту Беларусі Павал Травулька.

Уладзе цяпер трэба як мага больш запалохаць народ і зьняць зь сябе падазрэньні, лічыць былы палітвязень. Сяргей Каваленка ўпэўнены, што за выбухам у Віцебску стаяць беларускія спэцслужбы: «Я лічу, што ўсе выбухі ў Беларусі - гэта работа КДБ. І гэты тэракт - зьвяно таго ж самага ланцуга. Гэткімі выбухамі ўлады перасьледуюць некалькі мэтаў. Адна зь іх - гэта адцягнуць увагу людзей ад байкоту псэўдавыбараў у псэўдапарлямэнт, які прайшоў нядаўна».

Былы кіраўнік БТ Аляксандар Зімоўскі, які пасьля сваёй адстаўкі трывала асеў ў Расеі, ня верыць у магчымасьць датычнасьці беларускай апазыцыі да выбуху ля будынку віцебскага КДБ. Як лічыць экспэрт, гэтыя “сыгналы нацыянальнаму лідэру” зыходзяць ад беларускіх сілавікоў.

“Выбухі ў Віцебску паўтараюцца. У 2005-м годзе ў горадзе таксама была бляшанка, у якую было закладзенае выбуховае прыстасаваньне. Але па выніках экспэртызы высьветлілася, што яно было зроблена прамысловым спосабам. Пра гэта казаў адвакат Станіслаў Абразей яшчэ на судзе”, - распавяла Любоў Кавалёва, маці пакаранага сьмерцю нібыта за тэракты ў Менску і Віцебску Ўладзіслава Кавалёва.