15 сьнежня ў Віцебску праходзіла справаздачна-выбарная абласная канфэрэнцыя партыі БНФ. Удзельнікі канфэрэнцыі заслухалі справаздачу старшыні абласной арганізацыі партыі Кастуся Смолікава, які распавёў пра дзейнасьць арганізацыі цягам апошніх двух гадоў. У дыскусіі, што разгарэлася пасьля выступу спадара Смолікава, абмяркоўвалася тэма ўдзелу ў выбарах, закраналіся праблемы зьмяншэньня колькасьці сяброў партыі і нізкага ўплыву яе на грамадзтва.

Зь віцебскім сябрам партыі БНФ Аляксеем Гудзіліным невядомыя правялі «прафіляктычную гутарку». Ад яго запатрабавалі спыніць сваю дзейнасьць і больш не «піярыць» БНФ. Каб малады чалавек лепш зразумеў сказанае, яго зьбілі.

Надоечы трое ліквідатараў аварыі на Чарнобыльскай АЭС – жыхароў Віцебску атрымалі ўкраінскія ўзнагароды, выпушчаныя да 25-х угодкаў трагедыі. Памятным крыжам «25 гадоў Чарнобыльскай катастрофы» быў ганараваны Анатоль Гнеўка, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі пацярпелых ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Знакі ўзнагароды «25 гадоў гераічнага подзьвігу» атрымалі Аляксандар Мікулін і Сяргей Іконьнікаў.

Суд у чарговы раз адхіліў патрабаваньні віцебчука Ўладзімера Кірычэнкі, які прасіў прызнаць, што дзеяньні ЖРЭТ Першамайскага раёну Віцебску зьяўляюцца незаконнымі і парушаюць правы спажыўцоў. Паводле разьлікаў пазоўніка, толькі ў верасьні 2012 году ЖРЭТ ў 7,5 разоў завысіў колькасьць цеплавой энэргіі, неабходнай на падагрэў аднаго кубамэтру вадаправоднай вады.

Сьледчы камітэт спыніў расьсьледаваньне па крымінальнай справе супраць супрацоўнікаў Першамайскага РАУС Віцебску, якія выбівалі прызнальныя паказаньні ў дзяцей пры дапамозе шрубнікаў і процівагазаў. Справа супраць міліцыянтаў-катаў была ўзбуджаная ў траўні 2011 году. Папярэдняе расьсьледаваньне па факце прымяненьня незаконных мэтадаў вядзеньня сьледзтва апэратыўнікамі Першамайскага РАУС расьцягнулася на паўтара года. І вось надоечы галоўнае ўпраўленьне Сьледчага камітэту паведаміла пацярпелым і іх сваякам пра спыненьне расьсьледаваньня.