Пятніца, 16 Май 2014

Андрэй Гайдукоў стаў «невыязным»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Андрэй Гайдукоў Андрэй Гайдукоў

Пра гэта былому палітвязьню паведамілі 14 траўня ў аддзеле па грамадзянстве і міграцыі Ўпраўленьня ўнутраных спраў Наваполацку. Прычыны забароны пакідаць краіну Андрэю Гайдукову не патлумачылі. Адзінае, што паведамілі – тое, што выезд з краіны яму забараніў КДБ. Мясцовы аддзел па грамадзянстве і міграцыі зрабіў туды запыт, а ў адказ – паведамленьне пра забарону выезду зь Беларусі.

Андрэя Гайдукова паставілі на прафіляктычны ўлік у КДБ адразу па вызваленьні 8 траўня. У міліцыі ён таксама на прафіляктычным уліку як судзімы, прэвэнтыўнага нагляду над ім няма.

Нагадаем, 1 ліпеня 2013 году Гайдукова асудзілі паводле крымінальнага артыкулу «Спроба ўстанаўленьня супрацоўніцтва са спэцслужбамі, органамі бясьпекі або выведвальнымі органамі замежнай дзяржавы» на паўтары гады пазбаўленьня волі. Андрэй Гайдукоў быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ 8 лістапада 2012 году нібата падчас закладкі тайніка для замежных спэцслужбаў. Яго зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар КДБ, а 13 лістапада 2012 году Камітэт дзяржбясьпекі распаўсюдзіў інфармацыю аб спыненьні супрацьпраўнай дзейнасьці грамадзяніна Беларусі, які займаўся зборам і перадачай інфармацыі палітычнага і эканамічнага характару на заданьне замежнай выведкі.

Праваабарончы цэнтар “Вясна”