Распавёў дырэктар аднаго з прадпрыемстваў Ушацкага раёну: “На гэтым тыдні ўсім арганізацыям гораду прыйшло распараджэньне з райвыканкаму: нават не спытаўшы згоды, нас замацавалі за жывёлагадоўчымі фэрмамі і прымушаюць штодня адпраўляць сваіх людзей у гаспадаркі і наводзіць парадак. Мы ўжо адпрацавалі там некалькі дзён, але зараз прыйшла тэлефанаграма, што 10-15 чалавек павінны прыехаць яшчэ і ў выходныя. У мяне язык не паварочваецца сказаць пра гэта сваім супрацоўнікам, якія і так увесь тыдзень на мяжы сіл працуюць. Людзям трэба даць адпачыць”.

У КУСП «Кашчынскае» Чашніцкага раёну мала таго, што пэрыядычна затрымліваюць выплату заработнай платы, дык і часткова выдаюць яе натуральнымі прадуктамі - дарагой кілбасой, тушанінай і нават фаршам. Пра гэта стала вядома, калі на гарачую лінію падчас маніторынгу працы выканаўчых і распарадчых ворганаў са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у Чашніцкім раёне да старшыні Камітэту дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь Аляксандра Якабсона датэлефанавалася працаўніца гаспадаркі Марыя Чарвінская.

Дванаццаць разоў АБЭЗ адмаўляў прафсаюзу РЭП ва ўзбуджэньні крымінальнай справы ў сувязі са шматмільённай нястачай, выяўленай на ААТ «Віцебскмясамалпрам», якую кіраўніцтва «павесіла» на работніц складу. На думку юрыста прафсаюзу РЭП Валера Місьнікава, улады заплюшчваюць вочы на відавочныя факты злачыннай дзейнасьці на прадпрыемстве.

Рабочыя Віцебскага домабудаўнічага камбінату адмовіліся распачынаць працу з-за затрымкі заробкаў. У сеціве зьявіўся зьняты на мабільны тэлефон відэаролік, які зафіксаваў спрэчку будаўнікоў з кіраўніцтвам. Высьветлілася, што прычынай незадаволенасьці працоўных, як і на заводзе буйнапанэльнага домабудаваньня ў чэрвені 2012 году, стала затрымка зарплаты.

“Хочам падзяліцца навіной пра абуральнае беззаконьне. Мы - тры зь лішнім сотні чалавек - працуем у ААТ “Глыбоцкі аграсэрвіс”, - зьвярнуліся па дапамогу ў рэдакцыю finance.tut.by чытачы. - Зарплаты ў нас і так невялікія, але з гэтых бедных сум мы абавязаныя купіць прадукцыю мясцовага мясакамбінату. У выпадку адмовы грошы не вяртаюцца! Нам патрэбныя тыя капейкі, якія мы зарабілі, а ня іх нясмачная кілбаса!”