Серада, 05 Чэрвень 2013

У Віцебску страйкавалі прадпрымальнікі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На рынках і ў гандлёвых цэнтрах Віцебску 6 чэрвеня было бязьлюдна: прадпрымальнікі, якія гандлююць прамысловымі таварамі, ня выйшлі на працу. Гэтак яны пратэстуюць супраць патрабаваньняў тэхнічнага рэглямэнту Мытнага саюзу, які лічаць чарговым вымаганьнем грошай у дзяржаўны бюджэт. Сваю акцыю пратэсту віцебскія прадпрымальнікі называюць «аднадзённым папераджальным спыненьнем працы», але не выключаюць, што з 1 ліпеня працу давядзецца спыняць наогул.

Ініцыятыва зладзіць акцыю пратэсту належыць арганізацыйнай групе па стварэньні прафсаюзу індывідуальных прадпрымальнікаў «Разам». Кіраўніца арганізацыйнай групы Ірына Яскевіч, старшыня рады віцебскага гандлёвага цэнтру «Эвіком», адзначае салідарнасьць калегаў: «Смаленскі» рынак, «Паўднёвы» рынак, гандлёвы цэнтар «Беларусь» — там індывідуальныя прадпрымальнікі зачыніліся цалкам, апрача харчоў і садавіны. «Полацкі» рынак — таксама на 100%, за выключэньнем хіба аднаго чалавека, што гандляваў джынсамі. Гандлёвы цэнтар «Эвіком» зачынены амаль цалкам. Увогуле, лічу, спыніла працу 90% прадпрымальнікаў».

Закрыцьцё стала нечаканым для пакупнікоў. У павільён на «Смаленскім» рынку людзей наогул не пускалі: ахоўнікі прычынаў не тлумачылі, але казалі, што гандлю сёньня няма. На «Эвікоме» прадпрымальнікі вывесілі аб’явы разнастайнага зьместу: «Тэхнічны перапынак», «Паехалі па тавары», «Пайшлі ў падатковую», «6 чэрвеня — выходны дзень». Гэта захады бясьпекі: за ўдзел у страйках адміністрацыя гандлёвых аб’ектаў пагражае пазбаўленьнем месцаў арэнды. На «Полацкім» рынку нехта вырашыў не хавацца і наўпрост напісаў пра страйк. І пакупнікі ставяцца да гэтага з разуменьнем:

«Я езьдзіла на „Эвіком“ — там не працуюць, потым на „Полацкі“ прыехала, там аб’яву ўбачыла, што страйкуюць. Я так зразумела, што будуць нейкія дадатковыя праверкі якасьці, і гэта грошай вялікіх каштуе. Дык што і для нас тавары будуць даражэйшыя. А куды ўжо даражэй? І так нічога ня купіш… І нам гэта ня трэба, і ім лішні клопат. Дык што правільна робяць, што страйкуюць!»

Заўтра, калі прадпрымальнікі ўжо выйдуць на працу, ім давядзецца тлумачыць, што такое тэхнічны рэглямэнт Мытнага саюзу, і якія наступствы будзе мець афармленьне новых дакумэнтаў пра якасьць і бясьпеку тавараў лёгкай прамысловасьці. Гэта найперш грашовыя выдаткі — як для гандляроў, гэтак і для пакупнікоў, кажа прадпрымальніца Ірына Яскевіч:

«Каб выпрабавалі твой тавар на бясьпечнасьць, трэба здаць 5 узораў кожнага віду тавару. 3 зь іх потым вернуць, а 2 — пашкодзяць. І калі ў цябе было ўсяго 5 адзінак, трэба будзе кошт гэтых двух дадаць да астатніх трох. І заплаціць за саму экспэртызу. Мы лічылі: каб мець такі самы асартымэнт тавару, як на цяперашні момант, прадпрымальніку трэба будзе заплаціць ад 48 да 62 мільёнаў. Таму пальчаткі стануць неверагодна дарагія, парасоны — надзвычай дарагія»…

Прамысловыя тавары будуць правяраць на бясьпеку паводле двух дзесятках пунктаў. Праўда, прадпрымальнікі ніколі раней ня чулі, каб ад іхнага адзеньня ці абутку нехта захварэў… Да таго ж яны не разумеюць, чаму адказнасьць за якасьць ускладзеная на іх, а не на вытворцаў. І калі тэхнічны рэглямэнт тычыцца Мытнага саюзу, дык навошта пацьвярджаць у беларускіх цэнтрах стандартызацыі якасьць ужо сэртыфікаванага расейскага тавару або рэчаў зь іншых краін, набытых у Расеі, — яны ж мусілі прайсьці праверку яшчэ пры ўвозе ў саюзнаю дзяржаву?

Першапачаткова тэхнічны рэглямэнт Мытнага саюзу павінен быў уступіць у сілу яшчэ з 1 студзеня 2013 года, але пасьля мінулай хвалі незадавальненьня была дадзеная адтэрміноўка — да 1 ліпеня. Аднак прадпрымальнікі хочуць не адтэрміноўкі, а перагляду ўмоваў рэглямэнту. Бо паўторныя праверкі прадпрымальнікі лічыць чарговай спробай папоўніць дзяржаўны бюджэт. Або нават спробай зьнішчыць прадпрымальніцтва ў Беларусі. Таму Ірына Яскевіч кажа пра неабходнасьць падтрымкі віцебскай акцыі пратэсту:

«Выканаць патрабаваньні тэхнінага рэглямэнту цяжка, таму вы таксама можаце нас падтрымаць, прадэманстраваць уласнае стаўленьне, „зачыніцца“ на нейкі дзень… І тады прайсьці міма, не заўважыць нашага патрабаваньня будзе ўжо немагчыма!»

Зварот віцебскіх прадпрымальнікаў да ўраду краіны накіраваны ў Палату прадстаўнікоў і дастаўлены ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі.

Радыё Свабода