Нядзеля, 02 Чэрвень 2013

Райвыканкам змушае арганізацыі задарма працаваць на фэрмах

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Распавёў дырэктар аднаго з прадпрыемстваў Ушацкага раёну: “На гэтым тыдні ўсім арганізацыям гораду прыйшло распараджэньне з райвыканкаму: нават не спытаўшы згоды, нас замацавалі за жывёлагадоўчымі фэрмамі і прымушаюць штодня адпраўляць сваіх людзей у гаспадаркі і наводзіць парадак. Мы ўжо адпрацавалі там некалькі дзён, але зараз прыйшла тэлефанаграма, што 10-15 чалавек павінны прыехаць яшчэ і ў выходныя. У мяне язык не паварочваецца сказаць пра гэта сваім супрацоўнікам, якія і так увесь тыдзень на мяжы сіл працуюць. Людзям трэба даць адпачыць”.

Да распараджэньня райвыканкаму прыкладаецца сьпіс - каля кожнай з 30 раённых фэрмаў пазначаная канкрэтная арганізацыя. Не абыйшла гэтая доля ні банкі, ні вэтстанцыю, ні нават сам райвыканкам.

- У распараджэньні ёсьць фраза “накіроўваць работнікаў у вызначаным заканадаўствам парадку”, але, скажыце, у якім законе гаворыцца пра тое, што мы павінны кідаць сваё прадпрыемства і працаваць на фэрме не тое што бясплатна, але і за свой рахунак! Гэтая фэрма ня з тых, што паказваюць прэзыдэнту, а зрабіць зь яе мы павінны цукерку, прычым выдаткі ніхто не кампэнсуе, - ня згодны з распараджэньнем наш суразмоўца. - У нас у калектыве збольшага працуюць жанчыны, і яны далёка не Геракл, як яны павінны прыводзіць у парадак гаспадарку? Я наняў людзей, каб яны прыбралі пад’езд да фэрмы: высеклі хмызьнякі з тэрыторыі 2,5 тысячы квадратных мэтраў, але ж гэтага недастаткова. Чаму нам не дадуць спакойна займацца сваёй непасрэднай працай? Я паспрабаваў казаць пра гэта ў райвыканкаме, але мне, мякка кажучы, не далі нават слова ўставіць.

На распараджэньні стаіць подпіс Віктара Родзіча, першага намесьніка старшыні Ўшацкага райвыканкаму, які гэтаксама зьяўляецца і начальнікам упраўленьня сельскай гаспадаркі і харчаваньня. Мы датэлефанаваліся яму і папрасілі пракамэнтаваць сытуацыю.

- На вёсцы не хапае працоўнай сілы, няўжо гэта такая вялікая праблема - дапамагчы гаспадарцы? Як яшчэ навесьці там парадак? - Віктар Родзіч задаў сустрэчнае пытаньне. - Там трэба ня гной капаць, а пайсьці плот падправіць, падмесьці, вокны памыць, трубы пафарбаваць, дзе трэба, пры гэтым гаспадаркі забясьпечваюць сваім інвэнтаром. Сяло заўсёды дапамагае гораду, напрыклад, трывае фіксаваныя цэны на жывёлагадоўчую прадукцыю, якія не растуць на працягу году. Працаўнікоў вёскі гэта таксама не задавальняе, але яны церпяць. Мы арганізацыям сказалі: у суботу-нядзелю едуць тыя, хто не працаваў у гаспадарках на працягу тыдня.

- Тым не менш людзі скардзяцца, што ім трэба ехаць і ў выходныя таксама.

- Мы з усімі кіраўнікамі перагаварылі і спыталі: хто ня хоча - устаньце і скажыце, мы вас выкрасьлім зь сьпісу. Зь іншага боку, самі разважце: дапамагаць вёсцы яны ня хочуць, а сёньня 31-е чысло, а асобныя прадпрыемствы дагэтуль ня выплацілі зарплату. Замест гэтага яны прыходзяць да мяне і просяць патэлефанаваць ў Гаспадарчы суд, каб ён зьняў арышт і вярнуў грошы, якія яны зьбіраюцца праесьці, а не аддаць даўгі. Ня хочуць ні на сваіх прадпрыемствах парадак наводзіць, ні дапамагаць камусьці іншаму.

Праўда, з такой пастаноўкай пытаньня работнікі прадпрыемстваў ня згодныя. На іхную думку, усё якраз наадварот: вынікі будуць, калі кожны будзе заняты сваёй справай.

Крыніца: Тут.бай