Нядзеля, 31 Снежань 2017

З Новым годам!

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Рэдакцыя «Віцебскай вясны» віншуе ўсіх нашых дарагіх чытачоў з Новым 2018-м годам! Дзякуй, што вы былі з намі цягам ўсяго 2017-га, за цікавасьць да нашых публікацыяў, за камэнтары, за звароты да нас, за часам крытычныя заўвагі ў наш адрас.

Абяцаем, што і далей будзем інфармаваць вас пра ўсе важныя падзеі, датычныя абароны правоў чалавека ў рэгіёне, і спадзяёмся, што ў новым годзе паменшае фактаў парушэньня вашых правоў, у тым ліку дзякуючы вашай актыўнасьці. Таксама абяцаем, што калі вы ўсё-такі сутыкняцеся з самавольствам з боку прадстаўнікоў улады, несправядлівасьцю, мы ня застанемся абыякавыя да вашай праблемы; і праваабаронцы, якія супрацоўнічаюць з нашым інтэрнэт-рэсурсам, зробяць усё магчымае, каб дапамагчы вам. Калі ласка, зьвяртайцеся!

Новы год – гэта яшчэ і нагода прыгадаць тое, што было ў годзе мінулым. З гледзішча абароны правоў чалавека, самай значнай падзеяй году, бадай, сталі веснавыя пратэсты – 2017, калі мы разам з вамі пераадолелі страх і выйшлі на вуліцу, рэалізоўваючы свае правы на мірныя сходы і на свабоду выказваньняў.

Сапраўды, улады на Віцебшчыне, як і раней, цягам мінулага году не далі грамадзянам ніводнага дазволу на правядзеньне акцыяў. Сапраўды, некаторых з нас – як грамадзкіх актывістаў, журналістаў і праваабаронцаў, гэтак і шараговых удзельнікаў падзеяў – затрымлівалі, судзілі, штрафавалі і адпраўлялі на «суткі». Але мы былі ўсе разам і, абараняючы свае правы, хоць у нечым дамагліся свайго. Даможамся большага! Будзем разам і надалей!

З Новым годам!

З павагай да кожнага карыстача вашага і нашага праваабарончага сайту,
Кастусь Дзьвінскі, рэдактар «Віцебскай вясны»

Успаміны пра Вясну–2017. Як гэта было

Віцебск, 19 лютага 2017

Хваля абурэньня дэкрэтам № 3 дакацілася да Віцебску

У Віцебску, як і ў іншых буйных гарадох краіны, адбыўся стыхійны сход месьцічаў, ня згодных з патрабаваньнямі т.зв. «Дэкрэту аб дармаедах». У горадзе на Дзьвіне не было тысячаў удзельнікаў, як, прыкладам, у гэты дзень у Гомелі ці раней у сталіцы. Але больш як 200 чалавек, не задаволеных сытуацыяй у краіне, што сабраліся разам на плошчы Перамогі, – такога тут не бывала ад часоў «маўклівых акцыяў» 2011 году.

У цяперашняй імпрэзе (не)дармаедаў шмат што нагадвала тыя акцыі 2011-га, падчас якіх цягам некалькіх месяцаў людзі штосерады зьбіраліся на гэтай самай плошчы (як некаторыя сьцьвярджаюць, найвялікшай гарадзкой плошчы ў Эўропе), каб выказваць свой пратэст.

І тады, і цяпер на плошчу выйшлі збольшага звычайныя жыхары гораду, не ангажаваныя ў палітыку. І тады, і цяпер не было бачна якіх-кольвек арганізатараў. І тады, і цяпер ніхто нікога адмыслова не зьбіраў, а людзі даведаліся пра месца збору праз сайты і сацыяльныя сеткі ці ад сваіх знаёмцаў, якія раней тую інфармацыю самі пабачылі ў інтэрнэце.

А калі ўдзельнікі сёлетняга сходу ўсе дружна пачалі пляскаць у далоні – а такое паўтаралася некалькі разоў – стала немагчыма пазбыцца адчуваньня, быццам ты раптам перанёсься ў мінуўшчыну, калі менавіта аплядысмэнты на вуліцах і плошчах гораду былі асноўнай адметай пратэсту.

Але на гэтым падабенства паміж акцыямі 2011 году і цяперашнім «Маршам недармаедаў», бадай, канчаецца. Калі пяць з паловай гадоў таму людзі выходзілі на плошчу, ня маючы ніякіх дакладных патрабаваньняў да ўладаў, а папросту адчуваючы, што ў краіне «нешта ня так», то цяпер патрабаваньні сталі зусім канкрэтнымі. Калі тады ўсе маўчалі, а толькі пляскалі ў далоні, то цяпер ужо не баяліся выказвацца наконт свайго стаўленьня да закону, згодна зь якім кожны дзясяты грамадзянін працаздольнага веку стаў нешта дадаткова «вінен» дзяржаве.

Зрэшты, абураліся ня толькі дэкрэтам аб «дармаедах», а наогул палітыкай дзяржавы што да сацыяльнай і эканамічнай сфэры. Гучалі, хай пакуль і нясьмела, і палітычныя патрабаваньні: адстаўка ўраду і асабіста прэзыдэнта.

А 12-й гадзіне дня – час, у які сеціва заклікала людзей выйсьці на «галоўныя плошчы сваіх гарадоў» – на плошчы Перамогі ў Віцебску было мо' з тузін людзей. Але неўзабаве народ пачаў падыходзіць, і ўжо праз паўгадзіны тут было блізу двухсот чалавек. Усе трымаліся хто паасобку, хто асобнымі невялічкімі купкамі, размаўляючы між собку – нібыта чакалі чагосьці, нейкай «адмашкі». Такой «адмашкай» стаў момант, як нейкая пэнсіянэрка ў адной з такіх купак нешта пачала эмацыйна і гучна казаць. Людзі сталі падцягвацца бліжэй, і ў хуткім часам асобныя купкі месьцічаў ператварыліся ў адзінае людзкое мора.

Нягледзячы на стыхійны характар акцыі, адсутнасьць арганізатараў, якога-небудзь пляну правядзеньня імпрэзы, усё адбывалася «прыстойна і ў парадку» – бо сабраліся аднадумцы. Кожны выступовец па чарзе выказваўся пра набалелае. А сказаўшы сваё, не перабіваў і слухаў іншых.

Міліцыя таксама была побач, хоць і старалася ніяк не абазначаць сваю прысутнасьць. Усе супрацоўнікі праваахоўных органаў, сярод якіх былі і высокапастаўленыя постаці, апрануліся ў цывільнае, трымаліся крыху воддаль і ніяк не заміналі ўдзельнікам акцыі.

А што ж апазыцыя, якая зараз актыўна абмяркоўвае ў сваіх колах пытаньне, як ёй рэагаваць на незадаволенасьць людзей дэкрэтам аб «дармаедах» і нават зьбірае подпісы супраць гэтага дэкрэту? Яшчэ адно адрозьненьне ад «маўклівых акцыяў» 2011 году, да якіх апазыцыянэры далучаліся прынамсі як шараговыя ўдзельнікі: сягоньня ніхто зь лідэраў палітычных партыяў на плошчы заўважаны ня быў. Тое самае тычыцца і актывістаў незалежных прафсаюзаў. Дык калі яны хочуць мець будучыню ў сваёй дзейнасьці, мо' ім варта быць бліжэй да народу?

Віцебск, 26 лютага 2017

Лютаўская рэвалюцыя ў Віцебску: дзьве тысячы пратэстоўцаў прайшлі па галоўнай вуліцы гораду

Дзень 26 лютага 2017 году віцебчукі запомняць надоўга. Абурэньне дэкрэтам №3 вывела на акцыю пратэсту вялікую колькасьць грамадзянаў. Такіх праяваў пратэставых настрояў у месьцічаў не было, бадай, з часоў перабудовы.

Народ пачаў зьбірацца на плошчы Перамогі а дванаццатай. Праз паўгадзіны колькасьць незадаволеных «дармаедзкім» дэкрэтам дасягнула дзьвюх тысяч. Такога ў Віцебску яшчэ не было. Вельмі паказальны той факт, што на процілеглым баку плошчы, дзе народ сьвяткаваў Масьленіцу, колькасьць удзельнікаў была на парадак меншая.

Ніякіх мэгафонаў не было, але гэта не перашкодзіла выказацца кожнаму, хто меў ахвоту.

Адна з выступоўцаў прыгадала 41-ы артыкул Канстытуцыі, які гарантуе грамадзянам права на працу, як самы прыстойны спосаб самасьцьвярджэньня чалавека. А роля дзяржавы пры гэтым мусіць палягаць у стварэньні умоваў для поўнай занятасьці насельніцтва.

– Ці выконваецца гэта? – запытала жанчына.

– Не! – гучна выгукнуў натоўп.

– Такім чынам Канстытуцыя ператвараецца ў пустую паперу – і гэта зрабіла сёньняшняя ўлада.

– Яны жыруюць, ім добра, а нас яны лічаць за быдла!

– Дармаеды – яны, а ня тыя людзі, якія едуць у іншыя краіны, а сюды вязуць заробленае.

– Галоўны дармаед у Сочы, – дадаў сярэдняга веку мужчына, што выклікала гучны рогат натоўпу.

– Малайчына, – падтрымаў рэпліку нехта, хто сам не асьмельваўся выказацца гэтак рашуча.

– Нашы грошы праядае!

– Улада паводле Канстытуцыі належыць народу, таму чыноўнік любога рангу мусіць чуць голас народу, а ня тое, што «я пабудаваў», «я даў», «я-я-я-я»...

– Палохацца ўжо няма чаго і губляць ужо няма чаго! – прамовіла жанчына, гонячы ад сябе і другіх патаемны, неўсьвядомлены страх беларускай душы.

– Мы – талерантны, працавіты народ, і ня трэба з нас рабіць вашывых блох.

Прага пераменаў, бадай, – найгалоўнейшае з тых пратэставых лёзунгаў, што гучалі. А такіх лёзунгаў было ня мала: «Баста!», «Нет декрету номер три! Лукашенко, уходи!», «Падатак ня плацім!», «Лукашэнка, сыходзь!».

Пасьля таго, як большасьць з тых, у каго так набалела, што не маглі маўчаць, выказаліся, у паветры павісла паўза. Таму заклік дайсьці да плошчы Свабоды прыйшоўся дарэчы.

Людзі пад бел-чырвона-белым сьцягам згуртавана і зь вялікім імпэтам рушылі калёнай па вуліцы Леніна. Кіроўцы легкавікоў і аўтобусаў віталі дэманстрантаў гучнымі сыгналамі кляксонаў.

Пратэстоўцы прамінулі плошчу Свабоды і дайшлі ажно да плошчы Леніна. Тут, на прыступках Віцебскай абласной філярмоніі, адбыўся другі мітынг пад тымі самымі лёзунгамі, што раней гучалі на плошчы Перамогі.

Ворша, 12 сакавіка 2017

Ворша: 1000 пратэстоўцаў і звыш 20-ці затрыманых

Найвялікшая ў гісторыі гораду за апошнія дзесяцігодзьдзі акцыя пратэсту адбылася ў Воршы 12 сакавіка. У «Маршы недармаедаў» тут узялі ўдзел звыш тысячы чалавек. Больш за 20 чалавек – арыштаваныя. Затрыманьні пачаліся яшчэ да пачатку акцыі пратэсту. Сярод арыштаваных – незалежныя журналісты і палітычныя дзеячы. Суды над імі адбудуцца 13 сакавіка.

Першы ў храналягічным парадку эпізод, першы «званочак» празьвінеў яшчэ ў пачатку сакавіка, калі на польска-беларускай мяжы абшукалі рэдактара Orsha.eu і сябра партыі БНФ Ігара Казьмерчака. Увечары 6 сакавіка адбыўся ператрус на офісе Кааліцыі дэмакратычных сілаў Воршы, канфіскаваная ўся тэхніка. Затым невядомыя людзі ўскрылі сэйф грамадзкага актывіста, сябра кампаніі «Гавары праўду!» Ігара Грышанава. Аднак, як і чакалася, пік міліцэйскіх аблаваў і затрыманьняў прыйшоўся на дзень 12 сакавіка.

Яшчэ раніцай міліцыянты пагрукалі ў кватэры сябра Беларускай Сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Канстанціна Анташкевіча і незалежнага журналіста Арцёма Сізінцава. На кватэрах праведзеныя ператрусы. Як паведаміў Арцём Сізінцаў, у пастанове на ператрус значылася імя старшага лейтэнанта юстыцыі «Барысёнак С.І.»

Ператрус у Канстанціна Анташкевіча скончыўся крыху раней, у Сізінцава трываў да 12:10, пасьля чаго супрацоўнікі міліцыі дапыталі журналіста па справе фальшываманэтчыкаў, якіх міліцыя ня ў сілах знайсьці ўжо каля 4-х месяцаў, затое «раптам» атрымала «сыгналы» пра імавернасьць знаходжаньня несапраўдных купюраў у дамох грамадзкіх актывістаў і незалежных журналістаў. Супрацоўнікі міліцыі Лаўрушкін і Шыбека, паводле словаў журналіста, паводзіліся культурна, ніякіх пагрозаў у адрас Арцёма Сізінцава не было. Натуральна, ніякіх вынікаў ператрус у кватэры, дзе Арцём пражывае са сваёй маці, ня даў. На патрабаваньне Сізінцава, пратакол допыту вёўся на беларускай мове.

Але не адзінымі ператрусамі міліцыя падрыхтавалася да акцыі пратэсту. Па адрасох, дзе прапісаныя рэдактар Orsha.eu Ігар Казьмярчак, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Валянціна Ігнаценка і актывіст партыі БНФ Віталь Паўлаў ад самай раніцы дзяжурылі машыны зь «людзьмі ў чорным». На сваёй машыне ранкам быў затрыманы каардынатар аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» па Воршы Яўген Анішчанка. Такі самы лёс напаткаў і актывіста «Гавары праўду2 Ігара Грышанава. У горадзе Дуброўне таксама быў затрыманы актывіст АГП.

Журналістка naviny.by Адар’я Гуштын паведаміла, што ад Талачына за ёй цікавалі супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Па прыбыцьці на чыгуначны вакзал Воршы яе і фатографа газэты «Наша Ніва» Сяргея Гудзіліна затрымалі, адабралі пашпарты і адвялі ў пастарунак. Празь нейкі час дазволілі пад канвоем паабедаць. Адпусьцілі іх толькі пасьля сканчэньня акцыі ў цэнтры гораду. Акрамя таго, блякаваным на чыгуначным вакзале Воршы на некаторы час стаўся і журналіст «Народных навінаў Віцебска» Сяржук Серабро.

Сама акцыя сабрала, па некаторых ацэнках, каля 800 чалавек. Людзі згуртаваліся на Цэнтральнай плошчы гораду, і ў гэты самы момант музыка, расейская «папса», стала гучаць з гукаўзмацняльнікаў напоўніцу. Праз пэўны час людзі скіраваліся да будынку Аршанскага райвыканкаму, дзе рашуча заявілі пра свой пратэст уладам краіны, якія замест вырашэньня сацыяльных праблемаў затрымліваюць актывістаў, даюць ім суткі арышту і шматлікія штрафы.

На ганку выканкаму іх сустрэў намесьнік мэра Воршы. Аднак доўга выступаць перад людзьмі Алег Сьмірноўскі не зьбіраўся, нічога ўцямнага людзям не сказаў, акрамя запрашэньня да дыялёгу з часткай грамады ў будынку выканкаму. Але людзі адмовіліся дзяліцца, тым больш ужо было вядома пра затрыманьні і ператрусы. Выступ Сьмірноўскага скончыўся тым, што аршанцы бязьлітасна асьвісталі яго.

Праваабаронца Васіль Берасьнеў прынёс макет «паведамленьня пра аплату падатку на дармаедзтва» і парваў яго пад авацыю Плошчы. Ён даў кантакты юрыстаў незалежнага прафсаюзу РЭП і Хэльсынскага камітэту для тых, каму патрэбая юрыдычная дапамога.

Пасьля акцыі журналісты тэлеканалу «Белсат» паехалі з гораду разам з сустаршынём «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Паўлам Севярынцам, які ўсё ж здолеў дабрацца да Воршы скрозь узмоцненыя кардоны ДАІ, міліцыі і АМАПу і выступіў перад райвыканкамам, заклікаючы Лукашэнку сыходзіць у адстаўку, пакуль народ не раззлаваўся канчаткова. Але га вуліцы 1 Мая, каля школы № 3 аўтамабіль, у якім аршанец Ігар Нірман вёз Паўла Севярынца, быў спынены супрацоўнікамі міліцыі і ДАІ.

Капітан назваў сваё прозьвішча – «Курган», а ў машыне, якая спыняла актывістаў, было шмат сымболікі суседняй дзяржавы, Расеі.

Аўтамабіль, які затрымліваў Паўла Севярынца, абвешаны расейскай сымболікай. У інтарэсах якой дзяржавы працуюць гэтыя людзі ў пагонах?

Пры гэтым Курган праігнараваў зварот Паўла Севярынца і ня стаў размаўляць з палітыкам на беларускай мове, хаця некаторыя яго калегі ў такіх выпадках, наадварот, дэманструюць уменьне размаўляць мовай беларускага народу. У выніку Паўла Севярынца адвезьлі ў Аршанскі РАУС, таксама затрымалі і апэратара «Белсату» Аляксандра Баразенку, хаця ён прад’явіў свае дакумэнты.

Тады ж зьявілася інфармацыя пра затрыманьне карэспандэнта радыё «Свабода» Галіны Абакунчык. Ужо ў РАУСе была затрыманая карэспандэнтка «Белсату» Кацярына Андрэева. Яна запатрабавала ад супрацоўнікаў, якія выдавалі сябе за міліцыянтаў, прад’явіць пасьведчаньні, аднак яны таго не зрабілі.

Таксама пасьля акцыі затрыманы як мінімум адзін непаўналетні аршанец, на фота, які зрабіла «Наша Ніва», ён з інспектарам па справах непаўналетніх па прозьвішчы Вішнеўскі (міліцыянт у цэнтры здымка, у цёмна-зялёнай куртцы).

У выніку дзеяньняў міліцыянтаў была сарваная анлайн-трансьляцыя сайту Orsha.eu, а наўпроставы этэр тэлеканалу «Белсат» меў вялікія праблемы з трансьляцыяй праз кепскае інтэрнэт-злучэньне. Ёсьць падазрэньне, што мабільныя апэратары на загад сілавікоў «глушылі» сувязь у цэнтры Воршы.

Акцыя сабрала звыш 1 000 чалавек. Людзі справядліва абураліся, чаму яны павінны плаціць падаткі, калі ўлада ня можа працаўладкаваць іх. Многія аршанцы злыя ад таго, што ў Воршы заводы і фабрыкі стаяць, альбо працуюць не на поўную магутнасьць, праз гэта яны вымушаныя працаваць у Расеі. На акцыі прысутнічалі людзі, чые сваякі былі альбо ашуканыя ў Расеі, альбо зьніклі там або нават былі забітыя. Прысутныя скандавалі «Жыве Беларусь!», «Нет декрету № 3. Лукашенко, уходи», «Далоў халуёў!» і патрабавалі ад Лукашэнкі сысьці ў адстаўку.

orsha.eu

Віцебск, 25 сакавіка 2017

Віцебчукі адзначылі Дзень Волі

Нягледзячы на тое, што мясцовыя ўлады Віцебску забаранілі мітынгі ды шэсьце 25 сакавіка, апоўдні больш за сотню грамадзянаў выйшлі на плошчу Перамогі. Пасьля людзі прайшлі калёнай да помніку князю Альгерду, памятнай дошкі Васілю Быкаву і манумэнта Ўладзімеру Караткевічу, ушанаваўшы кветкамі гэтых знакавых асобаў беларускай нацыянальнай гісторыі.

Гістэрыя запалохваньня і прэвэнтыўныя захады ўладаў далі свой плён: ад тых двух тысячаў пратэстоўцаў, якія выйшлі ў Віцебску 26 лютага супраць дэкрэту №3, сягоньня засталіся адзінкі. І тым ня менш знайшліся людзі, якіх застрашыць не ўдалося. Сярод тых, хто наважыўся выйсьці на акцыю ў Дзень Волі, больш за палову склалі не грамадзкія актывісты ці прадстаўнікі палітычных партыяў, а звычайныя беларусы.

Не ўдалося застрашыць уладам і сябра руху «За свабоду» Хрыстафора Жаляпава, які раніцай быў запрошаны ў сьледчы камітэт, дзе быў апытаны ў сувязі з распачатай крымінальнай справай – тэлефон актывіста нібыта быў зафіксаваны недалёка ад месца зьдзяйсьненьня крадзяжу. Спадар Жаляпаў нагадаў прысутным пра чарговую гадавіну ўтварэньня БНР, сьвяткаваць якую мае права кожны беларус, а тыя, хто адмаўляе ім у гэтым праве, парушаюць Канстытуцыю.

Як толькі прысутныя на плошчы сталі паводзіцца больш-менш актыўна, да іх выйшаў намесьнік начальніка Ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі УУС Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Каліноўскі і, нагадаўшы пра тое, што акцыя недазволеная, запатрабаваў пакінуць плошчу. Намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Пётар Падгурскі таксама прапанаваў разысьціся. Ён заявіў, што пазаўчора размаўляў з заяўнікамі адмоўленых акцыяў, і тыя яго пачулі, бо сёньня нікога зь іх ён на плошчы ня бачыць.

Пакуль частка прысутных дыскутавала з прадстаўнікамі ўлады, другая частка выказвалася пра набалелае. Так, былая супрацоўніца збанкрутаванага КІМу, якая цяпер ня мае працы, адзначыла, што жыць становіцца ўсё цяжэй. Значная дзель грошай ідзе на аплату паслугаў ЖКГ.

Каб пазьбегнуць канфлікту з праваахоўнікамі, якіх вакол было багата, Хрыстафор Жаляпаў прапанаваў сысьці з плошчы і ўшанаваць памяць князя Альгерда, Васіля Быкава і Ўладзімера Караткевіча.

Калёна рушыла па вуліцах гораду пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Увесь час людзей суправаджалі супрацоўнікі АМАП і апэратыўнікі, але правядзеньню імпрэзы не заміналі. Па ўсім маршруце руху на скрыжаваньнях вуліц і пешаходных пераходах дзяжурылі даішнікі.

Сьвяткаваньне Дня Волі завяршылася ля помніку Караткевічу, дзе пасьля ўскладаньня кветак адбыўся кароткі імправізаваны мітынг.

Пасьля таго, як людзі разышліся, пачаўся «хапун». Першым узялі на вуліцы сябра партыі БНФ з Гарадка Леаніда Аўтухова. Яго затрымліваў АМАП. Актывіст быў дастаўлены ў РАУС Кастрычніцкага раёну. Калі праваабаронцы Леанід Сьвецік і Павал Левінаў прыйшлі да будынку міліцыі, каб даведацца пра лёс затрыманага, унутар іх не пусьцілі.

Таксама ў Кастрычніцкі РАУС быў дастаўлены Ўладзь Камароўскі. Зь міліцэйскага пастарунку ён патэлефанаваў сваёй маці і паведаміў, што да панядзелка будзе знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня. 

Паводле непацьверджанай інфармацыі, затрымалі і Хрыстафора Жаляпава.

Не абышлося без затрыманьняў журналістаў: затрымалі журналіста радыё Рацыя Арцёма Сізінцава і здымачную групу тэлеканалу «Белсат» – Вольгу Чайчыц і Андрэя Козела.

Віцебск, 26 сакавіка 2017

На Віцебшчыне адбыўся шэраг пратэставых акцыяў. Ёсьць затрыманыя

Гэты матэрыял узяты зь іншай крыніцы і раней не публікаваўся на «Віцебскай вясьне». Бо ўсе журналісты, што ў час падзеі мелі адміністрацыйны доступ да нашага сайту, у той дзень былі арыштаваныя і не змаглі апублікаваць свае матэрыялы.

У Воршы на плошчу каля Дому гандлю выйшлі пара дзясяткаў чалавек. Узбоч плошчы быў прыпаркаваны аўтазак, а міліцыя папярэдзіла прысутных, што «тут зьбірацца нельга», — кажа сябар КХП БНФ Юры Конышка.

«Людзі выйшлі на знак нязгоды з тым, што цяпер адбываецца ў Беларусі», — сказаў Юры Конышка.

Людзі стаялі на плошчы каля гадзіны, потым разышліся. Быў затрыманы кіраўнік моладзевага абʼяднаньня «Зьвяз» Ігар Казьмярчак. Каля 14.30 спадар Казьмярчак паведаміў, што яго адпусьцілі, склаўшы пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Але ня ў сёньняшняй, а ў аршанскім «Маршы недармаедаў» 12 сакавіка.

Некалькі дзясяткаў чалавек сабраліся на плошчы Свабоды ў Полацку. Напярэдадні міліцыя затрымала шэраг мясцовых актывістаў — Віктара Стукава, Юрыя Бельскага, ператрус наладзілі ў Генадзя Бердзянёва і ў Валерыя Шостака. Сёньня раніцай для затрыманых адмовіліся прыняць перадачы.

На плошчы, ачэпленай па пэрымэтры міліцыянтамі, сабралася каля 50 чалавек. Людзі скандавалі: «Шуняўку — у адстаўку!» Затрыманых, паводле назіральнікаў, не было.

Самыя масавыя затрыманьні адбыліся ў Віцебску. Там на плошчы Перамогі сабралася каля 120 чалавек. Міліцыя таксама дзяжурыла на плошчы, загадзя падрыхтаваўшы аўтазакі.

У Кастрычніцкі РАУС забралі праваабаронцаў Паўла Левінава, Леаніда Сьвеціка, актывістку Ірыну Трацьцякову, журналіста Кастуся Мардзьвінцава. Заўтра іх будуць судзіць у Кастрычніцкім райсудзе Віцебску. Гэтаксама як і затрыманага напярэдадні аршанскага незалежнага журналіста Арцёма Сізінцава...