Нядзеля, 19 Люты 2017

Хваля абурэньня дэкрэтам № 3 дакацілася да Віцебску

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)

У Віцебску, як і ў іншых буйных гарадох краіны, 19 лютага адбыўся стыхійны сход месьцічаў, ня згодных з патрабаваньнямі т.зв. «Дэкрэту аб дармаедах». У горадзе на Дзьвіне не было тысячаў удзельнікаў, як, прыкладам, у гэты дзень у Гомелі ці раней у сталіцы. Але больш як 200 чалавек, не задаволеных сытуацыяй у краіне, што сабраліся разам на плошчы Перамогі, – такога тут не бывала ад часоў «маўклівых акцыяў» 2011 году.

У цяперашняй імпрэзе (не)дармаедаў шмат што нагадвала тыя акцыі 2011-га, падчас якіх цягам некалькіх месяцаў людзі штосерады зьбіраліся на гэтай самай плошчы (як некаторыя сьцьвярджаюць, найвялікшай гарадзкой плошчы ў Эўропе), каб выказваць свой пратэст.

І тады, і цяпер на плошчу выйшлі збольшага звычайныя жыхары гораду, не ангажаваныя ў палітыку. І тады, і цяпер не было бачна якіх-кольвек арганізатараў. І тады, і цяпер ніхто нікога адмыслова не зьбіраў, а людзі даведаліся пра месца збору праз сайты і сацыяльныя сеткі ці ад сваіх знаёмцаў, якія раней тую інфармацыю самі пабачылі ў інтэрнэце.

А калі ўдзельнікі сёлетняга сходу ўсе дружна пачалі пляскаць у далоні – а такое паўтаралася некалькі разоў – стала немагчыма пазбыцца адчуваньня, быццам ты раптам перанёсься ў мінуўшчыну, калі менавіта аплядысмэнты на вуліцах і плошчах гораду былі асноўнай адметай пратэсту.

Але на гэтым падабенства паміж акцыямі 2011 году і цяперашнім «Маршам недармаедаў», бадай, канчаецца. Калі пяць з паловай гадоў таму людзі выходзілі на плошчу, ня маючы ніякіх дакладных патрабаваньняў да ўладаў, а папросту адчуваючы, што ў краіне «нешта ня так», то цяпер патрабаваньні сталі зусім канкрэтнымі. Калі тады ўсе маўчалі, а толькі пляскалі ў далоні, то цяпер ужо не баяліся выказвацца наконт свайго стаўленьня да закону, згодна зь якім кожны дзясяты грамадзянін працаздольнага веку стаў нешта дадаткова «вінен» дзяржаве.

Зрэшты, абураліся ня толькі дэкрэтам аб «дармаедах», а наогул палітыкай дзяржавы што да сацыяльнай і эканамічнай сфэры. Гучалі, хай пакуль і нясьмела, і палітычныя патрабаваньні: адстаўка ўраду і асабіста прэзыдэнта.

А 12-й гадзіне дня – час, у які сеціва заклікала людзей выйсьці на «галоўныя плошчы сваіх гарадоў» – на плошчы Перамогі ў Віцебску было мо' з тузін людзей. Але неўзабаве народ пачаў падыходзіць, і ўжо праз паўгадзіны тут было блізу двухсот чалавек. Усе трымаліся хто паасобку, хто асобнымі невялічкімі купкамі, размаўляючы між собку – нібыта чакалі чагосьці, нейкай «адмашкі». Такой «адмашкай» стаў момант, як нейкая пэнсіянэрка ў адной з такіх купак нешта пачала эмацыйна і гучна казаць. Людзі сталі падцягвацца бліжэй, і ў хуткім часам асобныя купкі месьцічаў ператварыліся ў адзінае людзкое мора.

Нягледзячы на стыхійны характар акцыі, адсутнасьць арганізатараў, якога-небудзь пляну правядзеньня імпрэзы, усё адбывалася «прыстойна і ў парадку» – бо сабраліся аднадумцы. Кожны выступовец па чарзе выказваўся пра набалелае. А сказаўшы сваё, не перабіваў і слухаў іншых.       

Міліцыя таксама была побач, хоць і старалася ніяк не абазначаць сваю прысутнасьць. Усе супрацоўнікі праваахоўных органаў, сярод якіх былі і высокапастаўленыя постаці, апрануліся ў цывільнае, трымаліся крыху воддаль і ніяк не заміналі ўдзельнікам акцыі.

А што ж апазыцыя, якая зараз актыўна абмяркоўвае ў сваіх колах пытаньне, як ёй рэагаваць на незадаволенасьць людзей дэкрэтам аб «дармаедах» і нават зьбірае подпісы супраць гэтага дэкрэту? Яшчэ адно адрозьненьне ад «маўклівых акцыяў» 2011 году, да якіх апазыцыянэры далучаліся прынамсі як шараговыя ўдзельнікі: сягоньня ніхто зь лідэраў палітычных партыяў на плошчы заўважаны ня быў. Тое самае тычыцца і актывістаў незалежных прафсаюзаў. Дык калі яны хочуць мець будучыню ў сваёй дзейнасьці, мо' ім варта быць бліжэй да народу?

Кастусь Дзьвінскі