Аўторак, 07 Май 2024

7 траўня- угодкі смерці палітвязня Мікалая Клімовіча, які памёр у папраўчай калоніі №3

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

 61-гадовы блогер Мікалай Клімовіч (вёў свой блог пад псеўданімам Мікалай Верасень) быў асуджаны паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь) да зняволення ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму на 1 год. Такі вырак у судзе Пінска і Пінскага раёна вынес суддзя Андрэй Бычыла па прапанове пракурора Іллі Гузарэвіча, негледзячы на тое, што Мікалай Клімовіч меў інваліднасць II групы - перанёс інсульт і складаную аперацыю на сэрцы. І мусіў знаходзіцца пад сталым наглядам лекараў.

Яшчэ перад прысудам блогер выказаўся, што можа памерці за кратамі, бо яму трэба штодня  прымаць вялікую колькасць моцных лекаў, і такой магчымасці ў калоніі ў яго не будзе. Пад варту Клімовіча  ўзялі  проста ў залі суду – да тае пары ён знаходзіўся на волі. У зняволенні мужчына вытрымаў крыху больш за два месяцы, у віцебскай калоніі, куды ён трапіў пасля ўступлення прысуду ў законную сілу, -- усяго кля двух тыдняў.

«Злачынствам», якое «здзейсніў» Мікалай Клімовіч, было тое, што ў "Аднакласніках" блогер паставіў рэакцыю "смешна" пад сатырычным малюнкам, такім чынам карыкатура была размешчана ў стужцы на ягонай  старонцы.

 15 сакавіка 2023г. беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Мікалая Клімовіча палітычным зняволеным, а 10 траўня выступіла з заявай, патрабуючы  правесці расследаванне па факце смерці Мікалая Клімовіча і адсутнасці належнай медычнай дапамогі ў калоніях.

«Мы адзначаем, што гэта ўжо не першы выпадак смерці ў месцах пазбаўлення волі. Кожны дзень тысячы зняволеных у беларускіх турмах пакутуюць праз парушэнні канстытуцыйнага права на ахову здароўя. Больш за тое, у месцах пазбаўлення волі праз неаказанне належнай медычнай дапамогі штогадова паміраюць вязні», адзначалася ў заяве.

Праваабарончы цэнтр "Вясна" абвясціў 21 траўня Днём салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі, прысвечаным  праблеме захавання здароўя ў зняволенні. Менавіта ў гэты дзень у 2021 годзе ў шклоўскай калоніі № 17 памёр актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак. З таго часу ў месцах пазбаўлення волі  памерлі яшчэ пяцёра зняволеных па палітычных прычынах: Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік і Аляксандр Кулініч. Іх усіх аб’ядноўваў не толькі палітычны пераслед у адносінах да сябе, але і тое, што ім несвоечасова ці няякасна была аказана медыцынская дапамога ў зняволенні, а таксама праблемы са здароўем, нягледзячы на якія іх усё роўна ўзялі пад варту ці адправілі ў калоніі. Па стане на 6 траўня 2024 году праваабаронцам вядома не менш чым 254 палітвязня, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. Для некаторых з іх кожны дзень у няволі — крытычны, ад якога залежаць іх здароўе і нават жыццё. 

Пётр Хасанаў