Субота, 19 Жнівень 2023

Палітвязня Мікалая Машарскага будуць судзіць 28 жніўня ў Полацку

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала жыхара Расонаў палітычным зняволеным 18 жніўня. Мужчыну затрымалі сёлета 9 чэрвеня і вінавацяць паводле арт. 342- 2 Крымінальнага кодэкса (Неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) і арт. 368 Крымінальнага кодэкса (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь). Машарскага ўтрымліваюць у Віцебскім СІЗА-2.

Судовы працэс паводле крымінальнага абвінавачвання будзе весці суддзя суду Полацка і Полацкага раёна Уладзімір Бясецкі. Арт. 342- 2 Крымінальнага кодэкса апошнім часам прымяняюць у дачыненні да тых, хто цягам году здзейсніў некалькі адміністрацыйных правапарушэнняў і пасля судоў «не выправіўся».

Мікалая Машарскага каралі паводле «палітычных» адміністрацыйных артыкулаў некалькі разоў. Так, сёлета 24 студзеня ён быў затрыманы і асуджаны да 25 сутак арышту паводле арт. 24.23 КаАП за нібыта правядзенне несанкцыянаванага пікетавання ( на яго склалі два пратаколы па гэтым артыкуле). Арышт мужчына адбываў у Наваполацкім ЦІПе.

У сакавіку 2022 г. Машарскаму прысудзілі арышт на 20 сутак за заклікі да ўдзелу ў акцыі пратэсту 27 лютага (гэтаксама паводле арт. 24.23 КаАП) Суд над ім прайшоў, пакуль мужчына знаходзіўся ў Расіі – спавяшчэнне пра яго ён атрымаў на Вайбер. Мікалай Машарскі адказаў, што знаходзіцца за межамі краіны, і зможа вырнуцца толькі праз 10 дзён. Аднак суддзя Расонскага райсуду Рада Дамініч 16 сакавіка разгледзела справу Машарскага ў ягоную адсутнасць, а ў пастанове адзначыла, што мужчына «быў належным чынам апавешчаны пра час і месца разгляду справы» і што «Машарскім падчас падрыхтоўкі справы аб адміністрацыйным правапарушэнні да разгляду заўваг і тлумачэнняў наконт зместу пратаколу не зроблена». Хоць Мікалай фізічна не мог азнаёміцца з матэрыяламі справы. Праз дзень пасля вяртання ў Беларусь Мікалая затрымалі дома пяцёра сілавікоў у бронекамізэльках.

Першы адміністрацыйны пратакол на Машарскага склалі за «пікетаванне» ў Дзень Незалежнасці Беларусі 3 ліпеня 2021 г. Позна ўвечары Мікалай з сям'ёй выйшлі на галоўную плошчу, каб паглядзець на салют, і ён выгукнуў «Жыве Беларусь». Непадалёк стаялі міліцыянты, Мужчыну жорстка затрымалі, паваліўшы на зямлю.

Акрамя пратакола паводле артыкула 24.23 (Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў) на мужчыну склалі пратакол паводле арт. 24.3 КаАП за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі» падчас затрымання. Суддзя Расонскага райсуду Алена Елавая прызнала яго вінаватым і пастанавіла арыштаваць Машарскага паводле двух пратаколаў на 15 сутак. Увесь арышт мужчына правёў у адзіночнай камеры наваполацкага ЦІПа, дзе падчас надглядаў і на шпацыры яго вадзілі ў кайданках.

Пазней адміністрацыйны пратакол быў складзены і на ягоную жонку як на ўдзельніцу несанкцыянаванага пікета. Яна працавала фельчаркай хуткай дапамогі, і суд над ей вырашылі праводзіць публічна ў лякарні перад усімі работнікамі. Суддзя Алена Елавая публічна асуджала Мікалая і нават казала, што ёй трэба з ім разводзіцца.

Міхась Хмара