Павысіць узровень веданьня роднай мовы прапануе ўсім ахвотным Полацкі дзяржаўны ўнівэрсытэт, дзе з 1 красавіка адкрыліся адмысловыя навучальныя курсы «Дзелавая беларуская мова».

Аршанцы абураныя дзеяньнямі прадпрымальніка, які не дазваляе вярнуць на набыты ім будынак шыльду і гарэльеф памяці іх земляка, пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча. Шыльда і гарэльеф з выявай пісьменьніка з 1990 году былі на першым будынку вуліцы Караткевіча. Некалькі месяцаў таму яна зьнікла, калі ў будынку пачаўся рамонт. Цяпер ён скончаны, але шыльда на сваім ранейшым месцы не зьявілася.

Імя Рыгора Барадуліна будзе насіць вуліца, дзе стаіць дом паэта, у які ён прыяжджаў зь Менску, а таксама школа, якая знаходзіцца на гэтай вуліцы. Ва Ўшацкім музэі пашыраць частку экспазыцыі пра Рыгора Барадуліна. Зь ініцыятывай ушанаваць на радзіме памяць Рыгора Барадуліна выступілі Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Рада Віцебскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы, шэраг іншых грамадзкіх аб’яднаньняў. 

Выстава арганізаваная па выніках мастацкага пленэру, які нядаўна прайшоў на радзіме пісьменьніка. Адметнасьць гэтага мерапрыемства ў тым, што сёлета яно праводзілася сумесна з раённымі ўладамі. Адкрыцьцё выставы адбылося ў музэі Народнай славы. На ёй прысутнічалі прадстаўнікі раённай улады на чале з кіраўніком раёну Віктарам Родзічам, мастакі, вэтэраны, прадстаўнікі грамадзкасьці.

Як мы пісалі раней, 24 чэрвеня у Полацку зь вялікім посьпехам адбылася прэзэнтацыя кнігі Ўладзімера Арлова «Ад Полацка пачаўся сьвет. My Polacak, the Cradle of the World». Але, як паведаміў пісьменьнік, сьвяточнае ўражаньне ягоных сяброў і чытачоў было азмрочанае барбарскай вылазкай беларусафобаў.