У Гарадоцкім раёне блізу вёскі Янова намаганьнямі віцебскага краязнаўцы Сяргея Панкрацьева, які нарадзіўся і вырас у гэтай вёсцы, на перакрыжаваньні старых дарог усталяваны высечаны з валуна вялізны крыж-абаронца. Звычай усталёўваць гэткія крыжы склаўся на Беларусі з прыходам на нашыя землі хрысьціянства.

Тэма пленэру: «Беларускія храмы Полацку». Ён адбыўся з 10 па 15 жніўня і быў прысьвечаны памяці Івана Хруцкага – у першыя дні імпрэзы яе ўдзельнікі наведалі магілу слыннага мастака 19 стагодзьдзя ў вёсцы Захаравічы Полацкага раёну.

У Віцебску на вуліцы Чэхава можа зьявіцца... Сафійскі сабор. Паводле задумкі, ён будзе выглядаць як сабор у Полацку, пабудаваны ў XI стагодзьдзі. З 24 жніўня па 18 верасьня ў горадзе будзе праходзіць грамадзкае абмеркаваньне гэтага праекту.

Некалі старажытнае мястэчка Астроўна, што ў Бешанковіцкім раёне, мела ўсе прывілеі, гарантаваныя Магдэбурскім правам, пра што на пачатку мінулага стагодзьдзя ўсё яшчэ нагадвалі рэшткі мясцовай ратушы. На жаль, на сёньняшні час пра мінулую славу Астроўна можа нагадаць толькі мажны будынак былога касьцёлу, які праваслаўная царква ў чарговы раз перабудоўвае на свой капыл як Сьвята-Траецкую царкву.

Гісторыя жыхара Лёзна Ўладзімера Собалева, якому віцебскае прадстаўніцтва менскай фірмы «ААТ Лазер графікс» у траўні адмовіла ў вырабе на яго замову шыльды з тэкстам «Жыве беларус», стала вядомай на ўсю краіну. Даведацца пра тое, ці лёгка жывецца ў спрэс зрусыфікаваным асяродзьдзі ўсходняй Беларусі самаму што ні на ёсьць сапраўднаму беларусу Лёзьненшчыны, мы вырашылі зь першых вуснаў, дзеля чаго і выправіліся ў падарожжа да гэтага неардынарнага ва ўсіх адносінах чалавека.