Аўторак, 16 Люты 2021

Экскурсіі ў Полацку праходзяць цяпер пад «канвоем» міліцыі

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Сафійскі сабор у Полацку Сафійскі сабор у Полацку

Штонядзелю ў Полацку адбываюцца экскурсіі для жыхароў і гасцей гораду. Аднак цяпер экскурсантаў суправаджае група супрацоўнікаў МУС. І не толькі суправаджае – здымае ўдзельнікаў экскурсіі на відэакамеры ды перапісвае іх асабістыя дадзеныя.

Праект нядзельных экскурсій ладзяць экскурсаводы Полацку. На іх думку, у той час, калі турыстаў няшмат, трэба адкрываць таямніцы Полацкай зямлі ўсім, хто цікавіцца.

Праект з першага дня прыцягнуў увагу міліцыі. Кожны раз, калі праводзілася экскурсія, за групай ішла пара міліцыянтаў у поўнай экіпіроўцы. Яны былі побач з удзельнікамі і ў стараверскай царкве, і ў касцёле, і ў музеі «Эпоха Леніна»... Але тое, што экскурсанты пабачылі 7 лютага, падштурхнула іх напісаць скаргу ў пракуратуру Полацкага раёну.

У гэты дзень група экскурсантаў сабралася на плошчы Францыска Скарыны. Падчас агляднай экскурсіі па горадзе гаворка ішла пра навучальныя ўстановы ў Полацку на пачатку ХХ стагоддзя. Праграма прадугледжвала наведванне музею ды стацыянарнай выставы «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай», дзе экскурсанты паслухалі лекцыю пра былую жаночую гімназію, якая размяшчалася на гэтай вуліцы.

«Але колькасць міліцыянтаў у форме і без формы, якія атачалі нашую групу, уразіла. На 22 экскурсанты мы налічылі 10 супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія «канваявалі» нас да самага музею», – расказала палачанка Ларыса.

Паводле жанчыны, калі група выходзіла з музею, міліцыянты пачалі здымаць усіх экскурсантаў на некалькі відэакамер, а маёр Цімур Лаўрэнцьеў праверыў (а потым і сфатаграфаваў) у экскурсавода дакументы і спіс экскурсантаў.

«Вось жа, жаданне вывучаць і зведваць гісторыю свайго гораду лічыцца ўжо злачынствам! Бо быў ужо інцыдэнт, калі з гарадской экскурсіі на вачах у здзіўленых мінакоў забралі ні ў чым не вінаватых экскурсантаў», – абураюцца ўдзельнікі экскурсій.

І тое адбываецца ў найстаражытнейшым горадзе Беларусі, горадзе Скарыны і святой Сафіі, улады якога намагаюцца прыцягнуць як мага больш турыстаў і развіваць турыстычны патэнцыял.

«Але ж ніводны турыст, выбіраючы маршрут па Беларусі, у Полацк цяпер не паедзе, даведаўшыся, што экскурсіі па горадзе праходзяць пад канвоем», – кажа адзін з экскурсантаў.

Удзельнікі нядзельных экскурсій чакаюць цяпер, што адкажа на іх зварот пракуратура.

Лора Віч, Полацк