Серада, 06 Студзень 2021

«Разбяры «Торвальд» на сувенірны!» У Віцебску зачыняецца легендарны арт-паб

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Фота: yandex.by Фота: yandex.by

У Віцебску 11 студзеня зачыніцца ўпадабаны многімі гараджанамі і турыстамі арт-паб «Торвальд» на вуліцы Талстога,1. Пасля правядзення санітарных дзён увосень (тады такім чынам многія далучыліся да нацыянальнага страйку ў сувязі з інаўгурацыяй Лукашэнкі) установа перастала адпавядаць патрабаванням бяспекі. Такое тлумачэнне з'явілася на старонках «Торвальду» ў сацсетках, піша TUT.BY.

«Дарагія сябры! Апынулася, што праводзіць санітарныя дні ўвосень – дрэнная прыкмета. Раптоўна ў памяшканнях, якія мы займаем і якія існуюць ужо больш за 150 гадоў, выявіліся надзвычай сурʼёзныя недахопы: прыступкі занадта высокія, а калідоры – неймаверна вузкія. Гэтыя недасканаласці, разам з адмысловымі службамі, што вельмі клапоцяцца аб нашай з вамі бяспецы, вымушаюць нас прыпыніць сваю дзейнасць.

Мы будзем старацца ва ўсю моц, каб зрабіць «Торвальд» законным зноў, захаваўшы наш стыль і дух і не разбіўшы аніводнага хрустальнага сасуду, але ж вы самі ўсё разумееце.

Таму, калі вы нас любіце і планавалі зайсці да нас, тады зрабіце гэта ў бліжэйшыя дні. «Па ашчушчэніям», гэта можа быць нашым апошнім спатканнем», – гаворыцца ў звароце працаўнікоў «Торвальду» да наведнікаў.

Таксама арт-паб запусціў акцыю «Разбяры «Торвальд» на сувеніры». Можна прыйсці ва ўстанову і купіць усё, што вам спадабаецца: карціны, мэблю, кнігі, часопісы, магнітолу, кубкі для піва, сцягі і г.д.

«Гэта дасць вам магчымасць узгадваць пра нас праз доўгія гады, а нам – сродкі, каб перажыць гэты час і зрабіць рамонт. Як бы ўсё ні скончылася, верым, што ў кожным з нас застаецца часцінка Торвальда, якую мы заўжды носім з сабой. Так і менавіта так «Торвальд» быў, ёсць і абавязкова будзе», – абяцаюць кіраўнікі арт-пабу.

Арт-паб «Торвальд» у ірландскім стылі адкрыўся ў Віцебску ў 2015 годзе. Спачатку ўстанова размяшчалася ў жылым доме на вуліцы Камсамольскай, затым пераехаў на вуліцу Талстога.

«Торвальд» – аўтэнтычнае месца ў Віцебску: тут вялікі выбар піва, добрая кухня, а таксама рэдкі дзень без культурнай праграмы. У арт-пабе праводзіліся канцэрты, лекцыі, сустрэчы з вядомымі людзьмі, вечарынкі, кінапаказы, інтэлектуальныя гульні, спартыўныя трансляцыі. Доўгі час тут праходзілі заняткі бясплатных курсаў па беларускай мове «Мова нанова». Для мерапрыемстваў у «Торвальдзе» ёсць асобная зала.