Нядзеля, 20 Чэрвень 2021

Камітэт па правах чалавека зарэгістраваў скаргу грамадскага актывіста Мікалая Качурца

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)

Напрыканцы красавіка 2021 году Камітэт па правах чалавека ААН зарэгістраваў пад нумарам 3919/2021 індывідуальную скаргу Мікалая Качурца. Прычынай звароту грамадскага актывіста ў Камітэт было неаднаразовае парушэнне беларускай дзяржавай яго права на ўдзел у мірных сходах і на публічнае выказванне свайго меркавання.

25 сакавіка 2019 году падчас святкавання БНР-101 Мікалай Качурэц сфатаграфаваўся з нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам на фоне помніка князю Альгерду ў Віцебску. Доказам гэтага дзеяння сталі відэаматэрыялы, зробленыя супрацоўнікамі Кастрычніцкага РАУС Віцебску.

11 красавіка 2019 году суд Кастрычніцкага раёну Віцебску разгледзеў адміністрацыйную справу ў дачыненні да Качурца. Суддзя Сняжана Кіндзеева прызнала актывіста парушальнікам закону аб масавых мерапрыемствах і аштрафавала яго на 102 рублі.

Дзеля абароны свайго права на ўдзел у мірных публічных акцыях Качурэц звяртаўся ў вышэйшыя судовыя інстанцыі. Аднак беларускія суды адмовіліся абараняць ягоныя правы, матывуючы сваю адмову тым, што раённы суд вынес пастанову, заснаваную на законе і абгрунтаваную фактычнымі доказамі.

Пасля адмовы судоў вышэйшай інстанцыі адстойваць ягоныя правы, Качурэц вычарпаў усе даступныя спосабы абараніць свае грамадзянскія правы ў межах нацыянальнага заканадаўства.

Каб прадоўжыць абарону правоў, 29 лістапада 2019 году віцяблянін звярнуўся ў Камітэт па правах чалавека ААН, які палічыў, што скарга актывіста досыць аргументаваная для рэгістрацыі і далейшага разгляду.

 Лявон Яфрэменка