Чацвер, 10 Чэрвень 2021

Журналістка Таццяна Смоткіна адстойвае свае правы ў Камітэце па правах чалавека

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)

У Камітэце па правах чалавека працягваецца цяжба паміж беларускімі ўладамі і журналісткай з Глыбокага Таццянай Смоткінай, якая падала паведамленне, зарэгістраванае КПЧ пад нумарам 3235/2018. Не так даўно з нагоды разгляду ў Камітэце звароту журналісткі кампетэнтнымі органамі Рэспублікі Беларусь была перададзеная інфармацыя з тлумачэннем пазіцыі ўраду.

Згодна з тлумачэннем, беларуская дзяржава не адмаўляе, што Таццяна Смоткіна пастановай суду Докшыцкага раёну Віцебскай вобласці ад 31 мая 2018 году прызнаная вінаватай у незаконным вырабе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі і на падставе часткі 2 артыкулу 22.9 КаАП пакараная адміністрацыйным спагнаннем ў выглядзе штрафу на 735 рублёў.

Адзначаецца, што журналістка для абароны сваіх правоў і законных інтарэсаў не звярталася ў вышэй пастаўленыя суды і органы пракуратуры. З гэтага ўлады робяць выснову, што заяўніцай не былі вычарпаныя ўсе наяўныя ўнутраныя сродкі прававой абароны, што ў адпаведнасці з арт. 2 факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах выклікае немагчымасць падавання пісьмовага паведамлення на разгляд Камітэту па правах чалавека.

«З улікам гэтага паведамленне ад імя Таццяны Смоткінай у Камітэт ААН па правах чалавека варта разглядаць як злоўжыванне правам на прадстаўленне паведамлення ў дадзены Камітэт, якое цягне прызнанне яго непрымальным», - тлумачаць беларускія ўлады.

Яны мяркуюць, што права журналісткі на свабоднае выказванне думкі ў адпаведнасці з артыкулам 19 Пакту не было парушанае. Аргументуюць сваю пазіцыю тым, што ўстаноўлены Законам РБ ад 17 ліпеня 2008 году "Аб сродках масавай інфармацыі» парадак ажыццяўлення дзейнасці журналістаў сродкаў масавай інфармацыі не можа разглядацца як абмежаванне права на свабоднае выказванне меркавання ў сэнсе артыкулу 19 Пакту.

Усе довады дзяржавы Камітэт па правах чалавека прыняў, але разгляд справы не спыніў. Таццяна ўжо накіравала ў Жэневу свае каментары, у якіх настойвае на тым, што беларускія ўлады парушылі яе права на свабоднае выказванне меркавання праз абмежаванне выканання ёю прафесійных абавязкаў журналісткі.

Леон Яфрэменка