Нядзеля, 14 Студзень 2018

Кіраўнік ініцыятывы «Хайсы»: Гэтая ўлада прыраўнавала сябе да сталінскага рэжыму

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ян Дзяржаўцаў Ян Дзяржаўцаў

Напрыканцы 2017 году былі абвешчаныя ляўрэаты дзявятай прэміі «Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці», заснаванай Асамблеяй няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў. Сярод тых, хто атрымаў узнагароды, аказалася і віцебская грамадзкая ініцыятыва «Хайсы», якая стала ляўрэатам у намінацыі «Новая ініцыятыва». З гэтай нагоды карэспандэнт «Віцебскай Вясны» сустрэўся з кіраўніком арганізацыі Янам Дзяржаўцавым.

Спадар Ян, уручэньне прэміі стала для Вас нечаканасьцю. Як Вы ўспрынялі атрыманьне вамі ўзнагароды?

Наша ўганараваньне я ўспрыняў спакойна. Безумоўна, прыемна, што працу ініцыятывы па ўшанаваньні памяці рэпрэсаваных грамадзянаў гэтак высока ацанілі. Нашу дзейнасьць прызнала грамадзянская супольнасьць краіны, і гэта прыносіць маральнае задавальненьне. Але крыўдна, што дзяржава не зацікаўленая ў разьвіцьці грамадзянскай ініцыятывы і абсалютна не ўсьведамляе важнасьці гэтай зьявы для разьвіцьця краіны ў цэлым.

Як Вы лічыце, чаму ўлады ня толькі не дапамагаюць арганізацыі ў яе дзейнасьці, але па-сутнасьці супрацьстаяць ёй – дастаткова прыгадаць хаця б нядаўні штраф, прысуджаны Вам за незаконнае пахаваньне парэшткаў?

Я мяркую, улады аштрафавалі мяне з-за таго, што мы пачалі дзейнічаць досыць актыўна: ствараем народны мэмарыял, высьветлілі імёны дзьвюх асобаў, якія зь вялікай доляй імавернасьці былі забітыя ў расстрэльным лесе – гэта старшыня калгасу «Прызыў» Антон Рамашка і настаўніца зь Віцебску Вольга Данцыт. Мы адкрываем новыя месцы злачынстваў каля Віцебску і называем злачынцаў. Адсюль і рэпрэсіўная рэакцыя ўладаў.

Фармальна ініцыятарам распачынаньня адміністрацыйнай справы пра незаконнае пахаваньне выступіў кіраўнік Мазалаўскага сельскага выканкаму Леанід Дубіна, але ў мяне ёсьць падставы думаць, што сапраўднымі завадатарамі выступаюць зусім іншыя органы. Рэч у тым, што на судзе адказы Леаніда Дубіны на мае пытаньні былі блытанымі і недакладнымі.

Улады, відаць, лічаць, што сваёй дзейнасьцю мы ім насалілі, і ў адносінах да нас трэба дзейнічаць з пазыцыі сілы. У сёньняшніх рэаліях, як гэта ні абсурдна гучыць, грамадзкая ініцыятыва ператварылася для ўладаў у «ворага народу» – гэта адназначна. Прайшло восемдзесят гадоў, але рэпрэсаваныя грамадзяне, парэшткі якіх ляжаць у ваколіцах Віцебску, дасюль застаюцца для іх ворагамі. І гэта не мае фантазіі.

Браты Кудзінавы яшчэ ў сярэдзіне васьмідзясятых гадоў паведамлялі ўладам пра раскапаныя рабаўнікамі пахаваньні, але ім сказалі: «Ня ваша справа!»

Наступным было паведамленьне кіраўніка пошукавага атраду зь віцебскай вучэльні № 19 Анатоля Бурдо, але і яно было праігнараванае. Яму канкрэтна заявілі, каб ня лез туды, куды ня трэба, а шукаў вайсковыя пахаваньні. Значыць, яны даўно пра тое ведалі і ўжо больш за трыццаць гадоў не рэагуюць на заявы грамадзян.

Сваімі дзеяньнямі і сваёй пазыцыяй мы мусім перасіліць той страх, які дасюль глыбока сядзіць у людзях. Бо дзясяткі людзей ведалі пра месцы, але ніхто зь іх не наважыўся паведаміць, таму што не хацелі праблемаў.

Сытуацыя складаная, улады ня ідуць на супрацу. Як у такіх умовах зьбіраецца дзейнічаць ініцыятыва, каб дасягнуць пастаўленых перад сабой мэтаў?

– Зараз мы мяркуем напісаць заяву ў Сьледчы камітэт пра лёс знойдзеных намі ў 2015 годзе парэшткаў шасьцідзесяці чалавек, бо ні ў Віцебскім райвыканкаме, ні ў ваенкамаце, ні ў 52-м пошукавым батальёне нам так нічога і не паведамілі, адфутбольваючы па коле ад адной арганізацыі да другой. Калі нашу заяву праігнаруе і СК, будзем дамагацца праўды праз суд, бо высьветліць праўду трэба абавязкова.

Знойдуць парэшткі чырвонаармейца – хаваюць з пашанай, ня ведаючы, чые парэшткі: здрадніка ці героя. А тут шэсьцьдзесят чалавек! Вы ўяўляеце, якая несправядлівасьць, які жахлівы падзел на нашых і вашых існуе ў галовах чыноўнікаў! Я лічу, парэшткі гэтых людзей улады недзе зарылі зноў жа, як сабак, без труны і пашаны. Але ж усё мусіць быць паводле чалавечых і боскіх законаў, мы ж не вычварэнцы якія ці злодзеі.

Сваімі ўчынкамі гэтая ўлада прыраўнавала сябе да сталінскага рэжыму. Таму мы асуджаем і тую уладу, якая забівала, і гэтую ўладу, якая хавае праўду. Мы ж робім і будзем рабіць так, як трэба, і ніхто нас не запалохае. У гэтым лесе яшчэ шмат месцаў, дзе ляжаць парэшткі рэпрэсаваных.

Нашыя намаганьні скіраваныя на тое, каб такое ніколі не паўтарылася. Мы й надалей будзем працягваць сваю справу, вяртаць імёны рэпрэсаваных. Будзем адкрываць новыя расстрэльныя месцы вакол Віцебску, пра якія нам распавядаюць людзі. Зь першага разу зарэгістраваць нашу ініцыятыву не атрымалася, таму найбліжэйшым часам мы працягнем працу ў гэтым напрамку.

С. Горкі