Па прадпрыемствах Віцебскага раёну рассылаецца распараджэньне старшыні Віцебскага райвыканкаму Руслана Фурашова аб правядзеньні 13 красавіка раённага суботніка. Копія дакумэнту зьявілася ў сацыяльнай сетцы «УКантакце». Згодна зь ім арганізацыі Віцебскага раёну павінны да 16 красавіка падаць у раённы выканаўчы камітэт інфармацыю аб праведзенай працы, а да 1 чэрвеня - пералічыць заробленыя на суботніку сродкі на разьліковы рахунак фінансавага аддзелу райвыканкаму.

Заяву на імя старшыні сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь Валянціна Шаева жыхар Віцебску Пётар Іваноў дасылаў наконт падзеяў, што адбыліся больш за год таму. Ён прасіў узбудзіць у дачыненьні да асоб у цывільным, якія зьдзяйсьнялі незаконны, на яго думку, агляд яго жытла, крымінальную справу паводле артыкулаў 202 («Парушэньне недатыкальнасьці жытла і іншых законных уладаньняў грамадзян») і 426 («Перавышэньне ўлады ці службовых паўнамоцтваў») крымінальнага кодэксу.

Старшыня Віцебскага аблвыканкаму Аляксандар Косінец раскрытыкаваў будаўнічую галіну рэгіёну за марудныя тэмпы жыльлёвага будаўніцтва. Пра неабходнасьць рэарганізацыі галіны ён заявіў 26 сакавіка на чарговай сэсіі Віцебскага аблвыканкаму. “Будаўнічая індустрыя ня блішча па ўсіх напрамках. Неабходна кардынальна мяняць падыходы і патрабаваньні да гэтай галіны”, - лічыць губэрнатар.

Як мы паведамлялі раней, Камітэт па правох чалавека ААН прызнаў, што ўлады Беларусі парушылі грамадзянскія і палітычныя правы Антаніны Піванос. Аднак улады не сьпяшаюцца выконваць рашэньне аўтарытэтнага міжнароднага воргану. Каб усё-такі дамагчыся рэалізацыі гэтага рашэньня на практыцы, віцебская актывістка вымушаная была зьвярнуцца ў суд.

У Віцебскім аблвыканкаме створаная працоўная група для вызначэньня неабходных мер рэагаваньня на неабгрунтаваныя звароты грамадзян, што сыстэматычна накіроўваюцца ў аблвыканкам, паведамілі ў аддзеле па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб аблвыканкаму. У дачыненьні да 17 “хранічных” заяўнікаў на падставе пункту 1 артыкулу 21 (разгляд паўторных зваротаў) закону “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб” прынятыя рашэньні аб спыненьні ліставаньня па выкладзеных у зваротах пытаньнях, у тым ліку з 9 грамадзянамі, якія сыстэматычна накіроўвалі такія звароты ў аблвыканкам і вышэйстаячыя дзяржаўныя ворганы.