Пятніца, 29 Сакавік 2024

На Віцебшчыне не хапае больш за 1400 медыцынскіх работнікаў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

У Віцебскай вобласці працуюць каля 5 тысяч лекараў і 13,5 тысяч сярэдніх медыцынскіх работнікаў. Пра гэта паведамілі на выніковай калегіі галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама. Прычым начальнік упраўлення Міхаіл Вішнявецкі заўважыў, што ў рэгіёне адчуваецца кадравы голад у гэтай сферы.

"Па стане на 1 студзеня 2024 года ў арганізацыях аховы здароўя Віцебскай вобласці працавалі каля 5 тысяч урачоў і 13,5 тыс. сярэдніх медыцынскіх работнікаў. У 2023 годзе прыбылі 179 урачоў-інтэрнаў і 203 маладыя спецыялісты-ўрачы. За апошнія тры гады набор навучэнцаў у медыцынскія каледжы павялічаны на 154 чалавекі, павялічаны мэтавы набор па ўсіх медыцынскіх каледжах на 33,5 працэнта, аднак, нягледзячы на меры, што прымаюцца, патрэбнасць ва ўрачах-спецыялістах па вобласці складае 668 чалавек, у сярэдніх медыцынскіх работніках - 748. У 2023 годзе заключаны 268 дагавораў аб мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і 228 дагавораў аб мэтавай падрыхтоўцы спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай медыцынскай адукацыяй", - расказаў кіраўнік упраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама.

Беларускія ўлады накіравалі больш за 74 мільёнаў беларускіх рублёў на мадэрнізацыю сістэмы аховы здароўя Віцебскай вобласці ў 2023 годзе

Ён дадаў, што ў неўкамплектаваныя ўрачамі-спецыялістамі раёны або ў раёны, дзе яны часова адсутнічаюць (знаходзяцца ў адпачынку ціна вучобе), накіроўваюцца ўрачы з міжраённых або абласных устаноў для работы вахтавым метадам.

Таксама Міхаіл Вішнявецкі расказаў і пра матэрыяльнае заахвочванне работнікаў сістэмы аховы здароўя, якое ўключае розныя надбаўкі, агучыў і заробкі лекараў. У цэлым у 2023 годзе сярэдняя заработная плата ва ўрачоў склала амаль Br2,9 тысяч рублёў, у сярэдніх медработнікаў - больш як Br1,5 тысяч.

Як бачна, лукашэнкаўскі рэжым давёў краіну да таго, што медыкаў у нас становіцца ўсё менш. І яны з’язджаюць не толькі за вялікімі заробкамі ў Еўропу ды іншыя краіны свету, а яшчэ ўцякаюць ад пераследу і ганебнага стаўлення да іх з боку беларускіх уладаў. І ўжо ніякімі плюшкамі іх не вернеш. Ды і ці знойдзецца шмат маладых людзей, якія захочуць загнаць сябе ў сапраўднае рабства пры працяглым навучанні на медычных факультэтах і абавязковай адпрацоўкай без асаблівых перспектыў.

Ян Грушэўскі