Пятніца, 01 Сакавік 2024

У Бешанковічах усталююць памятны знак, прысвечаны канцлеру ВКЛ Льву Сапегу

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Бешанковіцкі райвыканкам падвёў вынікі конкурса эскізных праектаў памятнага знака Льву Сапегу, абвешчанага сёлета ў студзені. На конкурс былі прадстаўлены 12 праектаў, якія ацэньвала журы з «экспертаў у галіне мастацтва з Мінска і Віцебска, а таксама прадстаўнікі нашага раёна», як піша мясцовая газета «Зара». Аўтарскія прапановы нідзе не публікаваліся, шэраговых жыхароў рэгіёна з імі не знаёмілі. Паводле рашэння журы, пераможцам абвешчаны праект мінскага скульптара Івана Міско. Пасля ўвасаблення ў бронзе памятны знак усталююць у гарадскім парку.

Паводле ідэі аўтара, мемарыяльны знак уяўляе сабой бронзавы арачны барэльеф, які адлюстроўвае канцлера Льва Сапегу з атрыбутамі дзяржаўнай улады. Выява мае быць замацавана ў нішы прыроднага гранітнага блока «для надання манументальнасці і значнасці вобраза Сапегі ў гістарычным аспекце Рэспублікі Беларусь».

«Помнікі гэтаму вядомаму дзяржаўнаму дзеячу і мецэнату ўстаноўлены ў Слоніме і Лепелі», -- падкрэслівалі арганізатары конкурса. Аднак чамусьці не згадалі, што першы памятны знак, прысвечаны Льву Сапегу, быў усталяваны ў 2007 годзе ў мястэчку Астроўна – на малой радзіме славутага земляка. Калі дакладней, мемарыяльны знак – камень з надпісам – паводле ініцыятывы віцебскіх грамадскіх актывістаў быў выраблены яшчэ ў 2003 годзе, аднак бешанковіцкі ўлады доўга не хацелі даваць дазвол на яго ўсталяванне, аж пакуль праз 4 гады не ўсталявалі яго ад уласнага імя.

Леў Сапега нарадзіўся ў радавым замку каля вёскі Астроўна (цяпер аграгарадок у Бешанковіцкім раёне) . Першапачатковую адукацыю будучы канцлер атрымаў у Нясвіжскай пратэстанцкай школе, а потым вучыўся ў Лейпцыгскім універсітэце. Вольна валодаў пяццю мовамі. У дваццаць тры гады Леў ужо займаў высокую пасаду сакратара Вялікага Княства.
Пасля паспяховага выканання надзвычай адказнай дыпламатычнай місіі ў Маскве ў 1585 г. Леў Сапега ўступіў у пасаду падканцлера, а праз чатыры гады стаў канцлерам - другім па значнасці чалавекам у дзяржаве, які ўзначальваў вялікакняскую канцылярыю, быў захавальнікам дзяржаўнага друку, з'яўляўся членам Рады. Леў Сапега быў актыўным прыхільнікам захавання незалежнасці ВКЛ пасля падпісання Люблінскай уніі. У 1588 годзе Сапега дабіўся зацвярджэння ІІІ Статута ВКЛ, самага перадавога на той час у Еўропе збору законаў, у якім упершыню былі замацаваны многія цяпер базавыя прынцыпы права. ІІІ Статут ВКЛ на працягу больш за 250 гадоў дзейнічаў на тэрыторыі Беларусі, а таксама на тэрыторыі іншых еўрапейскіх дзяржаў, быў адразу надрукаваны на старабеларускай мове, з'яўляецца помнікам прававой культуры беларускага народа і адной з крыніц станаўлення беларускай дзяржаўнасці. У канцы жыцця Леў Сапега восем гадоў быў вялікім гетманам літоўскім, паказаўшы сябе таленавітым военачальнікам.

Займаючы найвышэйшыя пасады ў ВКЛ на працягу сарака гадоў, Леў Сапега вызначаў палітыку Вялікага Княства. Ён быў паслядоўным прыхільнікам трывалай дзяржавы, дзе неаспрэчнае вяршэнства маюць законы.

Станіслаў Міканенка