Чацвер, 29 Люты 2024

З сямі маладых спецыялістаў-лекараў летась у Браслаў даехаў толькі адзін

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Маладыя спецыялісты не жадаюць вяртацца на радзіму ў маленькія гарады, нават калі яны вучыліся па мэтавых накіраваннях.

У сярэдзіне лютага  Браслаўскую ЦРБ з працоўным візітам наведаў намеснік старшыні так званага Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Валерый Бельскі. Як адзначыў сам чыноўнік, пры выбары аб'екта для наведвання ён імкнецца патрапіць менавіта ва ўстановы аховы здароўя - туды, дзе асабліва востра адчуваецца клопат пра  людзей. Піша сайт braslav-star.by.

Каб скласці суцэльную карціну аб медыцынскім абслугоўванні браслаўчан, Валерый Бельскі і цікавіўся літаральна ўсім: гісторыяй бальніцы, колькасцю і ўзростам персаналу, сярэдняй заработнай платай медыкаў, аснашчэннем, якасцю і даступнасцю медпаслуг.

Падчас гэтага візіту і была агучаная праблема з недахопам лекараў у Браславе. Хоць гэта, канешне, праблема не аднаго Браслава,а шматлікіх гарадоў Беларусі, асабліва невялікіх.

Паводле сайта мясцовай раёнкі, з сямі маладых спецыялістаў летась у Браслаў даехаў толькі адзін, нягледзячы на наяўнасць арэнднага жылля (кватэры ў новабудоўлях), ступень аснашчанасці і ўмовы працы ў мясцовай лякарні.

Валерый Бельскі, даведаўшыся аб праблеме пераразмеркавання маладых лекараў, якія вучыліся пад запыт ЦРБ, абяцаў выступіць з ініцыятывай разгляду яе на вышэйшым узроўні.

Галоўны ўрач Браслаўскай ЦРБ Аляксандр Макарэвіч правёў для госця са сталіцы невялікую экскурсію па лячэбнай установе. Агляд пачаўся з нядаўна адрамантаванага неўралагічнага аддзялення, пасля наведалі стаматалагічнае аддзяленне, кабінет бальнеалячэння і КТ.

Разам з тым, па традыцыі ўладаў, адбылася і інфармацыйная сустрэча Бельскага з калектывам ЦРБ. Паводле сайта раёнкі, за гадзіну з невялікім быў абмеркаваны шырокі спектр пытанняў, у тым ліку так званая электаральная кампанія, роля дэпутатаў у павышэнні ўзроўню і якасці жыцця грамадзян, дэмаграфічная сітуацыя ў краіне, якасць аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву ды іншыя.

Аксана Сіднёва