Аўторак, 21 Лістапад 2023

Грамадзянка Латвіі набыла нерухомасць на Браслаўшчыне. Але трымае гэта ў таямніцы, бо «баіцца пераследу»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Пра нетыповы выпадак распавяла газета «Витьбичи»: грамадзянка Латвіі праз аўкцыён набыла ў трох вёсках Браслаўскага раёну будынкі школы і дзіцячага садка. У адной з вёсак яна плануе жыць з сям“ёй, у іншых – наладзіць вытворчасць. Але нават карэспандэнту дзяржаўнай газеты яна не распавяла падрабянасцяў, бо «апасаецца пераследу». З якога боку – не ўдакладняецца, але карэспандэнт асобна падкрэслівае, што пакінуць Латвію сям“я вырашыла «праз стаўленне да рускамоўнух грамадзянаў, спіраль нянавісці да якіх раскручваецца палітычнай вярхушкай краіны».

Між тым дачка сямейнай пары застаецца жыць у Латвіі, а сын даўно жыве ў Мінску. Муж новай уласніцы – грамадзянін Беларусі.

Таксама дзяржСМІ паведамляе, што грамадзянка Латвіі, якая прыдбала маёмасць на Браслаўшчыне, «з піітэтам гаворыць» пра Аляксандра Лукашэнку, і што ёй імпануе стыль ягонага кіравання.

На аўкцыёне, які зладзіла «Віцебскаблмаёмасць», грамадзянка суседняй краіны краіны набыла аб“екты за адну базавую велічыню. Маёмасць знаходзіцца ў памежнай зоне, так што пры жаданні ўласніца можа бесперашкодна ездзіць з адной краіны ў другую.

Будынкі ў памежнай вёсцы Карасіна яны з мужам плануюць выкарыстоўваць для пражывання і вядзення дапаможнай гаспадаркі. Гэта былыя школа і сталовая, а таксама хлеў - усяго амаль 740 квадратных метраў плюс каля 2,2 гектара зямлі ў арэнду на 50 гадоў. У вёсцы Гірэйша сямейная пара выкупіла аб'екты былога комплексу «Грытунская дзіцячы сад — пачатковая школа» агульнай плошчай больш за тысячу квадратных метраў. Тут новыя ўласнікі мяркуюць заняцца прадпрымальніцкай дзейнасцю.

Алег Смаржэц