Нядзеля, 19 Лістапад 2023

Члены грамадскай назіральнай камісіі наведалі папраўчую калонію ў Глыбокам. Парушэнняў з боку адміністрацыі яны не знайшлі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Віцебская абласная грамадская наглядальная камісія пры галоўным упраўленні юстыцыі Віцебскага аблвыканкама 14 лістапада наведала папраўчую калонію №13 упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці. Гэтая калонія “знакамітая” тым, што ў яе сценах адбываюць пакаранне толькі два палітвязні: апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч і “рэйкавы партызан” Віталь Мельнік. З імі "грамадскія інспектары" сустрэцца не пажадалі.

Тым не менш члены камісіі пазнаёміліся з умовамі ўтрымання асуджаных, іх харчавання, медыка-санітарнага забеспячэння, арганізацыі іх працаўладкавання, навучання, вольнага часу, пабывалі ў памяшканнях для доўгатэрміновых спатканняў і кароткатэрміновых сустрэч.

Яны высветлілі, што ў калоніі акрамя дрэваапрацоўкі і металаапрацоўкі наладжаны выпуск швейных вырабаў, выпякаецца хлеб, арганізавана раздзелка лому металу і выпрацоўка цеплаэнергіі. У цяперашні час у ВУ праводзіцца шырокі рамонт памяшканняў.

Пад час візіту праведзена анкетаванне асуджаных у адпаведнасці з зацверджанай Міністэрствам юстыцыі формай. Скаргаў ад асуджаных не паступала.

У працэсе грамадскага кантролю парушэнняў прадугледжаных заканадаўствам правоў асуджаных не выяўлена.

Аднак у СМІ ёсць шмат паведамленняў аб цяжкіх умовах утрымання палітвязня Мікалая Статкевіча. Ягоная жонка паведаміла, што ён у цяперашні час пераведзены на 6 месяцаў у «памяшканне крытага тыпу» г.зн. у турму.

Лідзія Самова