Пятніца, 10 Лістапад 2023

На Мёршчыне за час дзеяння Дэкрэта № 18 з сем’яў па прычыне нядобранадзейнасці адабралі 290 дзяцей

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Ужо сямнаццаць гадоў на Мёршчыне рэалізуецца так званы Дэкрэт № 18. Як падаюць улады, яго асноўная мэта – зніжэнне сацыяльнага сіроцтва, калі дзіця мае біялагічных бацькоў, але яны па нейкіх прычынах не займаюцца яго выхаваннем і не клапоцяцца пра яго. У такім выпадку гэтыя абавязкі бяруць на сябе грамадства і дзяржава. Праблемы ў гэтай сферы прааналізавалі на пасяджэнні Мёрскага райвыканкама.

За час дзеяння Дэкрэта № 18 у Мёрскім райне з сем’яў па прычыне нядобранадзейнасці адабралі 290 дзяцей. Гэтую лічбу агучыла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама Алена Пацеенак. Паводле чыноўніцы, дзякуючы зладжанай міжведамаснай рэабілітацыі атрымалася захаваць біялагічную сям’ю для 176 дзяцей. У адносінах да 99-ці бацькі былі пазбаўленыя сваіх правоў. Сёння на Мёршчыне 15 дзяцей з васьмі сем’яў прызнаныя тымі, хто мае патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Алена Пацеенак апісала і сацыяльны партрэт сям’і, з якой адабралі дзяцей. Паводле чыноўніцы, гэта няпоўная сям’я, якая пражывае ў сельскай мясцовасці, выхоўвае пераважна адно дзіця. Бацькам ад 18-ці да 60-ці гадоў, працуюць у сельгасарганізацыі, у 20 % выпадках, згодна з медыцынскім заключэннем, маюць захворванні, пры якіх не могуць выконваць свае бацькоўскія абавязкі. Злоўжываюць алкаголем, адкуль выцякаюць іншыя праблемы – сямейныя скандалы, матэрыяльныя і цяжкасці ў дзіцяча-бацькоўскіх адносінах, невыкананне медыцынскіх рэкамендацый па абследаванні і лячэнні дзяцей, незахаванне рэжыму харчавання ў адпаведнасці з іх узроставымі патрэбамі.

Як кажа Алена Пацеенак, у Мёрах дзейнічае раённы каардынацыйны савет, асноўная задача якога – арганізацыя ўзаемадзеяння ў рабоце дзяржорганаў, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, якія ўпаўнаважаныя абараняць правы і законныя інтарэсы дзяцей. Сёлета савет правёў 17 пасяджэнняў, дзе разгледзелі 162 сям’і з 316 непаўналетнімі.

Мёрскія ўлады хваляцца і сваімі дасягненнямі ў гэтым накірунку - атрымалася знізіць колькасць прагулаў абавязаных асоб на 62 %, паболела адпрацаваных імі дзён, вырас і працэнт кампенсавання сродкаў, выдаткаваных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей у дзяржустановах, бацькі менш адмаўляліся ад нованароджаных малых. Пры гэтым захоўваўся высокі працэнт перадачы сірот на сямейныя формы ўладкавання.

На Мёршчыне сфармаваная і сістэма абмену інфармацыяй паміж структурамі аб выяўленні фактаў сямейнага недабрабыту, якія даюць падставы да правядзення сацыяльнага расследавання. За дзевяць месяцаў у аддзел адукацыі райвыканкама паступіла 128 паведамленняў такога характару. Па-ранейшаму найбольш іх ад РАУС – амаль палова, а яшчэ з суда. Такое выяўленне не з’яўляецца раннім, бо праваахоўнікі ўмешваюцца ў вырашэнне сямейных праблем не з моманту іх зараджэння, а тады, калі яны ўвайшлі ў больш сур’ёзную стадыю. Першапачаткова іх павінны заўважыць медыцынскія работнікі, настаўнікі, работнікі сельвыканкамаў, калегі бацькоў. Такіх паведамленняў вельмі мала, паведамляюць мёрскія ўлады.

Неспрыяльныя ўмовы для выхавання дзяцей выяўляюць і падчас рэйдаў «Сям’я без гвалту». Напрыклад, летам на тэрыторыі Туркоўскага сельсавета пастаўлены на ўлік чатыры сям’і з прыкметамі нядобранадзейнасці. У выніку сацыяльнага расследавання дзеці з трох з іх былі прызнаныя ў сацыяльна небяспечным становішчы, а неўзабаве трое малых з адной сям’і апынуліся на дзяржаўным забеспячэнні.

“Дзіця не павінна цярпець ад дзеянняў бацькоў. Калі бачыце, што яно знаходзіцца ва ўмовах, што пагражаюць жыццю і здароўю, неабходна паведаміць у адпаведныя службы”, - кажуць у каардынацыйным савеце.

Але людзі не спяшаюцца паведамляць, паводле ўладаў, сёлета быў зафіксаваны толькі адзін такі выпадак.

Усяго з пачатку года рашэннем мёрскага каардынацыйнага савета прызнаныя ў сацыяльна небяспечным становішчы 90 дзяцей з 46 сем’яў. Сёння іх напалову менш. 85 % апынуліся ў такой сітуацыі праз злоўжыванне бацькоў алкаголем. Паводле ўладаў, алгарытм дзеянняў для такіх тат і мам – прыём ва лекара-нарколага, прафілактычная размова з узяццем пад назіранне або дыспансерны ўлік, амбулаторнае лячэнне, кансультацыя ў псіхолага. Пры неабходнасці – псіхіятрычная лякарня, кадзіраванне, рэабілітацыя.

Бывае, што сацыяльнае расследаванне не пацвярджае знаходжання дзіцяці ў сацыяльна небяспечным становішчы, але сведчыць пра цяжкую жыццёвую сітуацыю ў сям’і. Тады савет прафілактыкі можа рэкамендаваць бацькам звярнуцца за аказаннем сацыяльных паслуг. Такой магчымасцю на Мёршчыне сёлета скарысталіся толькі пяць сем’яў.

З моманту змяшчэння дзяцей на дзяржаўнае забеспячэнне бацькі абавязаны кампенсаваць выдаткі, затрачаныя на іх утрыманне. На 1 кастрычніка ў раёне 65 такіх людзей, з іх восем знаходзяцца ў ЛПП, два ў месцах пазбаўлення волі, адзін у водпуску па доглядзе дзіцяці. Кантроль за працаўладкаванымі ажыццяўляюць іх наймальнікі.

Тым часам бацькі, пазбаўленыя сваіх правоў, могуць іх вярнуць, калі дзіця не ўсынавілі. Упершыню за апошнія сем гадоў у 2022-м двое бацькоў аднавілі свае правы ў адносінах да дваіх малых. У цэлым за час дзеяння Дэкрэта лічбы склалі 11 і 14 адпаведна.

Міхась Русак