Пятніца, 20 Кастрычнік 2023

У Глыбокім людзі не давяраюць уладам

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Наталля Нікіфарава. Наталля Нікіфарава.

Як піша глыбоцкая раёнка “Веснік Глыбоччыны”, 18 кастрычніка ў глыбоцкім райвыканкаме прыём грамадзян і прамую тэлефонную лінію правяла намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці Наталля Нікіфарава.

Але паступіла ўсяго толькі два звароты па тэлефоне. Грамадзяне агучылі пытанні па дзейным зямельным заканадаўстве, а таксама ўнеслі прапанову па яго ўдасканаленні.

Таму Наталлі Нікіфаравай давялося абмяркоўваць пытанні з вымі чыноўнікамі. У сустрэчы прымаў удзел старшыня Глыбоцкага райвыканкама Аляксандр Шубскі, яго намеснікі Таццяна Тарасевіч і Таццяна Канстанцінава, старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Вера Цяліца.

Наталля Нікіфарава пацікавілася прасоўваннем інвестыцыйнага праекта "Будаўніцтва завода па перапрацоўцы алеяў", развіццём сельгасарганізацыямі раёна жывёлагадоўлі, медыцынскім абслугоўваннем насельніцтва. Як піша мясцовая райнка, на ўсе пытанні адказваў старшыня глыбоцкага райвыканкама Аляксандр Шубскі.

Як бачна, звычайныя людзі не давяраюць уладам і не спадзяюцца на вырашэнне сваіх праблем з іх боку. Гэта ўжо не адна падобная прамая лінія, якая была праведзеная ў Глыбокім, калі людзі не вельмі жадалі размаўляць з чыноўнікамі. А яны ў сваю чаргу працягваюць ладзіць падобныя мерапрыемствы – у асноўным для сябе ці, як кажуць, для галачкі. Самі сабраліся, пагаварылі і разышліся, а воз і цяпер там.

Руслана Уткіна