Панядзелак, 16 Кастрычнік 2023

Абласная пракуратура выявіла парушэнні ў стварэнні безбар'ернага асяродку

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Праверка, што да стварэння даступнага асяродку для жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асобаў, выявіла недахопы ў Гарадоцкім, Лёзненскім, Аршанскім Шаркоўшчынскім раёнах, а таксама ў абласным цэнтры. Істотна, што падобныя парушэнні пракуратура выяўляе перыядычна, але яна па-ранейшаму існуюць.

Паводле старшага пракурора аддзела пракуратуры Віцебскай вобласці Таццяны Івановай, праверкай была ўстаноўлена адсутнасць комплекснага падыходу для стварэння на сацыяльна значных аб“ектах безбар“ернага асяродку. Гэта тычыцца таксама транспартных і інжынерных аб“ектаў інфраструктуры. Пра высновы пракуратуры распавяла дзяржаўная газета «Витебские вести», але без аніводнай згадкі пра канкрэтныя выпадкі.
Некалькі год таму пракуратура праводзіла падобныя праверкі, і звесткі пра вынікі СМІ публікавалі больш падрабязна. Прыкладам, у 2019 г. на запатрабаванне пракуратуры былі адрамантаваныя пад“ёмнікі на віцебскім чыгуначным вакзале. Парушэнні былі выяўленыя і шэрагу крам і офісаў, якія з“явіліся пасля перапланіроўкі жылых кватэр на першых паверхах на праспекце Чарняхоўскага і Маскоўскім праспекце. Насельнікі Віцебскага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў паскардзіліся пракурорам на тое, што тэхнічным патрабаванням не адпавядае пандус найбліжэйшай харчовай крамы «Капеечка» - туды немагчыма заехаць на інвалідным вазку. Калі пералік недахопаў згадваецца ў прэсе, у зацікаўленых людзей заўсёды ёсць магчымасць праверыць, ці ліквідаваныя недахопы.

Сёлета пракуратура выявіла ўжо зусім скандальныя факты: аказалася, што мясцовыя ўлады ігнаруюць звароты інвалілаў і асобаў з дадатковымі патрэбамі, а таму своечасова не прымаюцца захады для паляпшэння якасці жыцця гэтых людзей, іх мабільнасці і максімальнай ступені самастойнасці. Але зноў-такі, нібыта крытычны матэрыял у абласной газеце пададзены ў вельмі абагульненых выразах, з якіх не магчыма зразумець, што прасілі жыхары вобласці, хто адказны за тое, што іхныя звароты ігнараваліся, і ці будуць пакараныя за гэта адказныя работнікі ў выканкамах.

Марыя Сцепанюк