Панядзелак, 16 Кастрычнік 2023

Статыстычны партрэт маці Віцебскай вобласці

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі, па дадзеных перапісу 2019 года, толькі 53,8 % жанчын былі ў шлюбе падчас нараджэння дзяцей. У гарадской мясцовасці жыло 76,4% жанчын-маці. Дваіх дзяцей нарадзілі 46,6 %.

На пачатак 2023 года ўсяго ў Віцебскай вобласці пражывала 590 978 жанчын, што складае 54,1% ад агульнай колькасці насельніцтва. Як бачна, жанчын на Віцебшчыне больш за мужчын, мо таму і нараджаюць жанчыны ў большай частцы па-за шлюбам, а мо ім проста так выгадна – быць маці-адзіночкамі з эканамічнага пункту гледжання.

У гарадской мясцовасці Віцебскай вобласці жыве 469 308 жанчын, у сельскай – 121 670.

Паводле статыстыкі, сярэдні ўзрост жанчын – 45,5 гады. Гараджанак – 44,4 гады, жыхарак сяла – 49,7 гады. На сяле жыве больш сталых жанчын.

Колькасць жанчын у рэпрадуктыўным узросце (15-49 год) ад усёй колькасці жанчын вобласці складае 40,9 % - гэта 241 893 чалавек. У найбольш актыўным дзетародным узросце (20-34 гады) знаходзіцца 87 872 жанчын, што складае  36,3 % ад колькасці жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту.

Сярэдні ўзрост маці пры нараджэнні ўзрос, калі ў 2015 ён быў 28,5 год, то ўжо ў 2022 годзе складаў 30 год. Сярэдні ўзрост маці пры нараджэнні першынца ў 2015 годзе быў 25,8 гады, а ў 2022 стаў 26,7 гады. Бачна, што жанчыны сталі больш свядома падыходзіць да ролі маці і пачалі пазней планаваць і нараджаць дзяцей, што не падабаецца цяперашнім уладам Беларусі, яны лічаць гэта праблемай.

У Віцебскай вобласці на канец 2022 года працавала 324 лекары-акушэры-гінеколагі. На 10 000 жанчын даводзілася 6 лекараў-акушэраў-гінеколагаў.

У 2022 годзе 60,1% занятых у эканоміцы жанчын ва ўзросце 20-49 гадоў мелі непаўнагадовых дзяцей. З усіх жанчын, занятых у эканоміцы Віцебшчыны ва ўзросце 20-49 гадоў 62,7 % мелі аднаго дзіцяці, 30,3% - дваіх, 7% - трох і больш.

Сярод кіраўнікоў Віцебшчыны ва ўзросце 20-49 гадоў жанчыны складаюць 49,8%, з іх 59,5% мелі непаўнагадовых дзяцей.

Зміцер Ягораў