Субота, 17 Чэрвень 2023

У Верхнядзвінскім райсавеце паразмаўлялі пра праблемы людзей з інваліднасцю. Але ці вырашылі хоць адну?

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Газеты Віцебшчыны нібыта спаборнічаюць у тым, каб напісаць пра праблемы людзей з абмежаванымі магчымасцямі так, каб не сказаць анічога. «Віцебская вясна» ужо згадвала Сенненскую «раёнку», якая асвятляла «правы інвалідаў» такім чынам, што так і засталося незразумелым, ці заўважаюць іх дзейныя ўлады. Цяпер і віцебская гарадская газета «Витьбичи»вырашыла адгукнуцца на надзённую тэму – распавяла пра тое, што на адмысловай сесіі Верхнядзвінскага райсавету абмяркоўвалі «пытанні стварэння даступнага асяроддзя для людзей з інваліднасцю». Але ні пра высновы, зробленыя дэпутатамі, ні пра планы, выкананыя альбо не, чытачам не паведамілі.

Увогуле даведацца з прыведзенай інфармацыі можна не шмат. Хіба тое, што 57-я сесія Верхнядзвінскага райсавета 28 склікання праходзіла ў Луначарскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце, які лічыцца адным з найлепшых у Беларусі. Для дэпутатаў зладзілі экскурсію па дадзенай установе, а таксама паказалі аддзяленне дзённага наведвання для грамадзян сталага ўзросту ў Верхнядзвінску.

І гэта бадай што ўсё. Якія пытанні з забеспячэннем даступнага асяродку існуюць у рэгіёне, як яны вырашаюцца, якім менавіта чынам рэалізуецца праграма «Даступны асяродак жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асобаў» - усё гэта засталося, як кажуць «за кадрам». На фота, якое суправаджае артыкул ў «Витьбичах», чытачы бачаць толькі пяцёра чыноўнікаў, адзін з якіх выступае за трыбунай, а астатнія слухаюць. Зацікаўленымі выразы іхных твараў назваць цяжка. А ўвогуле дасведчаны чытач, які ўмее знаходзіць інфармацыю паміж радкоў, зробіць вельмі простую выснову: каб у Верхнядзвінскім раёне было зроблена шмат і значнага ў дадзеным накірунку, то дзяржСМІ абавязкова напісала пра гэта ва ўсіх падрабязнасцях. А калі падрабязнасцяў няма, то наўрад ці нешта і рабілася.

Лявон Каляда