Чацвер, 15 Чэрвень 2023

Віцяблянін Яўген Гуцалаў, затрыманы ў Арменіі, не будзе дэпартаваны ў Беларусь, дзе на яго завялі крымінальную справу

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Яўген Гуцалаў - той самы аматар бегу на доўгія дыстанцыі, які за 10 дзён «на сваіх дваіх» перасёк Беларусь з поўначы на поўдзень. Яшчэ адно ягонае захапленне – гэта падарожжы. Але апошнія з іх былі вымушаныя: увосень 2021г.  ён пакінуў Беларусь, бо супраць яго распачалі крымінальную справу за абразу дзяржаўных сімвалаў. Падставай стала сатырычнае відэа, якое Яўген размясціў у сябу ў Інстаграм. Гуцалава шукаў Следчы камітэт, але мужчына тым часам ужо быў у Турцыі. Тады яго падалі ў міжнародны вышук.

У Турцыі  Яўген Гуцалаў часта бываў з 2013-га году, а з 2015-га  пачаў арганізоўваць там паходы для турыстаў – вадзіў іх па Лікійскай сцежцы. З 2021 году мужчына пасяліўся ў горадзе Махмутлар, тамсама сустрэў уцекачоў ад вайны з Украіны і сваіх суайчыннікаў-беларусаў, якія пераехалі ў пошуках вольнага жыцця. Калі ў Турцыі здарыўся землятрус, працаваў валанцёрам. Увесь гэты час Гуцалаў меў часовы дазвол на жыхарства.

Калі ж час законнага знаходжання ў Турцыі пачаў падыходзіць да канца, у красавіку гэтага году  Яўген вырашыў часова пераехаць у Арменію, а потым вярнуцца ў Турцыю, каб ізноў атрымаць часовы дазвол на жыхарства. Аднак у аэрапорце Ерэвана яго затрымалі, патлумачыўшы, што ён знаходзіцца ў вышуку на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюзу.

Двое сутак віцяблянін правёў у ізалятары часовага ўтрымання. Параўноўваючы ІЧУ у Арменіі і ў Беларусі (Яўген Гуцалаў не аднойчы трапляў у віцебскі ІЧУ, бо на Радзіме яго арыштоўвалі за несанкцыянаваныя пікетаванні), мужчына адзначае куды больш чалавечнае стаўленне да затрыманых у чужой краіне.

У інтэрв'ю «Радыё Свабода» ён распавёў, што пракуратура Арменіі выдала пастанову яго адпусціць , бо паводле армянскага заканадаўства такія злачынствы, як «знявага дзяржаўных сімвалаў», не караюцца пазбаўленнем волі, як у Беларусі. Дэпартаваць Гуцалава не сталі.  Аднак яшчэ больш за месяц ён не мог з“ехаць з Арменіі – аж пакуль не атрымаў паперу ад тамтэйшай Службы нацыянальнай бяспекі, што яго ў аднабаковым парадку здымаюць з вышуку.

Цяпер Яўген Гуцалаў вярнуўся ў Турцыю і зноў займаецца атрыманнем часовага дазволу на жыхарства.   

Станіслаў Іваноўскі