Серада, 01 Чэрвень 2016

У Чашніцкім раёне ў 2015 годзе выявілі дзевяць карупцыйных злачынстваў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

За мінулы год у Чашніцкім раёне выявілі 9 злачынстваў карупцыйнага характару. Для параўнаньня, у пазамінулым годзе такіх злачынных дзеяньняў было зьдзейсьнена 8.

Пракурор раёну Яўген Бабенкаў расказаў, што ў 2015 годзе былі распачатыя дзьве крымінальныя справы па частцы злоўжываньня ўладай альбо паўнамоцтвамі па службе, адно - за атрыманьне хабару. Прычынай неладоў з законам у 5-ці выпадках стаў крадзеж праз злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі, у адным - перавышэньне ўлады альбо службовых паўнамоцтваў.

Паводле слоў Бабенкава, бывала і такое, што кіраўнікамі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў рэгіёну не выконваліся прагнозныя паказчыкі. За недапрацоўкі іх пазбаўлялі дадатковых даплат, але пры гэтым у іх былі неабгрунтавана завышаныя налічэньні выплат і зарплаты. Так, супраць былога кіраўніка КУСГП распачалі крымінальную справу паводле ч.1 арт.210 КК РБ (за валоданьне маёмасьцю, якое ўчыніла службовая асоба, выкарыстоўваючы пры гэтым свае паўнамоцтвы).

Падчас дэталёвага вывучэньня абставінаў справы высьветлілася, што кіраўніком прадпрыемства зьдзяйсьняліся карупцыйныя правапарушэньні, вынікам якіх сталі незаконныя грашовыя выплаты памерам у 21 883 806 рублёў. Пасьля ўсіх разглядаў матэрыяльная шкода, нанесеная КУСГП, была кампэнсаваная цалкам.

Дарэчы, летась у дачыненьні да некалькіх асоб гэтага ж прадпрыемства, што знаходзяцца пры пасадах, ужо распачыналі крымінальныя справы за карупцыю. Так, выкарыстала сваё службовае становішча галоўны бухгальтар, якая прысабечыла 32 660 000 рублёў (страта кампэнсаваная цалкам); завялі крымінальную справу і на заатэхніка КУСГП, якая штомесяц уносіла заведама непраўдзівыя зьвесткі ў дзяржаўную статыстычную справаздачнасьць.