Серада, 24 Кастрычнік 2012

У Віцебску замест Музэю прыватных калекцыяў будзе службовы жылы дом

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Акурат праз тры месяцы пасьля закрыцьця адзінага ў краіне Музэю прыватных калекцыяў Віцебскі аблсавет прыняў рашэньне аб рэканструкцыі будынку музэю пад спэцыяльны службовы жылы дом. Музэй быў зачынены 12 ліпеня, у першы дзень «Славянскага базару». Тады на дзьвярох установы культуры зьявілася абвестка пра тое, нібыта музэй «зачынены па тэхнічных прычынах», а тым часам супрацоўнікам загадалі цягам двух дзён вызваліць памяшканьне.

 

Цяпер стала зразумела, што праца музэю не адновіцца. Усе экспанаты, якія тут былі, перададзеныя ў Віцебскі абласны краязнаўчы музэй. Гісторыя ўнікальнага для Беларусі музэю налічвае 19 гадоў. Ён быў адчынены 22 ліпеня 1993 году. Цікава, што дзень адкрыцьця музэю таксама супаў зь першым днём «Славянскага базару».

Аснову экспазыцыі музэю складалі прадметы, сабраныя славутым калекцыянэрам Іванам Галькевічам (1898-1976). Ягоная ўдава перадала ў дар музэю каля 7 тыс. экспанатаў – гэта амаль палова прадметаў, што былі выстаўленыя для паказу. Апроч таго, у музэі пастаянна праводзіліся адмысловыя выставы з калекцыяў прыватных асобаў, ладзіліся сустрэчы з калекцыянэрамі.

Крыніца: Дыялёг Online газэта