Грэка-каталіцкаму святару Аляксандру Шаўцову давядзецца адбыць за кратамі 45 сутак агулам: да першага арышту на 15 сутак суд Полацку і Полацкага раёну дадаў яшчэ 30, абвінаваціўшы мужчыну паводле артыкулаў 19.11 КаАП (распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Першы раз – пасля затрымання і ператрусу 25 траўня -- настаяцеля парафіі Святога пакутніка Язафата таксама прызналі вінаватым паводле артыкула 19.11 КаАП за «лайкі» і рэпосты матэрыялаў незалежных СМІ у сацыяльнай сетцы «Вконтакте».

Суддзя суда Чашніцкага раёна Ірына Кручыніна 12 траўня разгледзела адміністрацыйную справу ў дачыненні да пастара евангельскай царквы г. Новалукомль Аляксандра Зарэцкага. І за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у сацыяльных сетках, пакарала яго арыштам на 15 сутак. Раней, 21 красавіка, тая ж суддзя арыштавала пастара на той жа тэрмін па ч.2 арт. 19.11 (Распаўсюджванне, інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці) КаАП.

Паводле студэнтаў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэту, ім ніхто не тлумачыць, з якой прычыны адмяняюцца заняткі. Навучэнцам самім давялося шукаць выкладчыка фізкультуры Сяргея Рыкуна, які ў прызначаны час не з“явіўся на кафедры фізічнага выхавання. Урэшце маладым людзям паведамілі, што «Сяргей Пятровіч звольніўся». Адначасова па ВНУ прайшла інфармацыя, што малады выкладчык асуджаны на 15 сутак разам з некаторымі іншымі калегамі.

Як стала вядома, у пятніцу, 26 траўня, у Глыбокім міліцыянты правялі шэраг ператрусаў. Адну жанчыну затрымалі, але пасля адпусцілі.

У грэка-каталіцкага святара Аляксандра Шаўцова  правялі ператрус у межах крымінальнай справы "пра экстрэмізм" . Па гэтай самай справе сілавікі ладзяць ператрусы на Полаччыне ўжо трэці дзень запар. Сутнасць справы не вядомая, і найбольш падобна, што яна распачатая супраць неакрэсленай колькасці асобаў, каб мець падставы для неабмежаванай колькасці ператрусаў. У айца Аляксандра забралі з дому ўсю аргтэхніку.