Суддзя суда Аршанскага раёна і г. Оршы Юлія Вяршыніна 5 мая разгледзела ў адкрытым судовым паседжанні справы аб адміністрацыйных правапарушэннях, прадугледжаных ч.1 арт.24.23 і ч.2 арт.19.11 КаАП у дачыненні да мясцовага жыхара Віталя Сытава. І знайшла, што ён цягам двух гадоў бесперапынна праводзіў недазволены ўладамі пікет і распаўсюджваў «экстрэмісцкія» матэрыялы. За гэтыя дзеі суддзя пакарала Віталя арыштам на 15 сутак і канфіскавала тэлефон.

Намесніца дырэктра філіялу «Витебские электрические сети» РУП «Витебскэнерго» па ідэалагічнай і сацыяльнай рабоце Вольга Гарбадзей пубічна заявіла карэспандэнтам навінавай праграмы «Витебский вестник», што з работнікамі, якіх асудзілі да арыштаў або штрафаў за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт.19.11 КаАП) і за «несанкцыянаванае пікетаванне» (арт.24.23), «працоўныя адносіны спынены».

Таццяну Макляцову, выкладчыцу тэхналагічнага ўніверсітэту, разам з яшчэ некалькімі калегамі затрымалі 29 красавіка. Крыніцы ў Віцебску паведамляюць, што ў той дзень затрымалі ад 6 да 8 чалавек – супрацоўнікаў ВДТУ. Пакуль суд адбыўся толькі над спадарыняй Таццянай. Суддзя Першамайскага райсуду Віцебску Алена Жук прызнала выкладчыцу вінаватай паводле двух артыкулаў – 19.11 КаАП і 24.23 КаАП. Па першым артыкуле на жанчыну склалі два пратаколы – за падпіскі на два так званых экстрэмісцкіх рэсурсы ў Фэйсбуку. Яшчэ адзін пратакол быў складзены за аватарку ў гэтай сацыяльнай сетцы.

У лютым 2023 года работнікамі міліцыі быў затрыманы Загадчык юрыдычнай кансультацыі Лёзненскага раёна Ігар Сцяпанава. На яго быў складзены адміністрацыйны пратакол па ч. 2 арт. 19.11 (Распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў) КаАП, а адвакату суддзя паставіла ў віну правапарушальніку лайк на старонцы інтэрнэт-крамы і арыштавала яго на 15 сутак.

Суддзя суда Сенненскага раёна Іна Досава 31 сакавіка за правядзенне пікету ў інтэрнэце аштрафавала на 74 рублі непаўналетняга выпускніка Сярэдняй школы №2, сябра БРСМ, кандыдата ў майстры спорту па барацьбе ў грэка-рымскім стылі Сцяпана Падрэза. Аднак пастанова была прынята з грубым парушэннем дзейнага заканадаўства і была адменена Старшынёй Віцебскага абласнога суда. У хуткім часе адміністрацыйная справа Падрэза будзе разгледжана раённай камісіяй па справах непаўналетніх, як гэта патрабуе працэсуальны закон.