Блогера Дзьмітрыя Казлова (Шэры Кот) 13 студзеня зноў асудзілі на 15 сутак. На суд у Воршы яго прывозілі зь мясцовага ізалятара часовага ўтрыманьня (ІЧУ), дзе ён адбывае папярэднія пакараньні, паведамляе Беларускае Радыё РАЦЫЯ.

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску аштрафаваў віцябляніна Аляксандра Дуброўскіх на 30 базавых велічынь за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй, якая праходзіла ў Менску 20 сьнежня 2019 году. У якасьці адзінага доказу вінаватасьці віцябляніна міліцыянты прад’явілі ролік са стрыму «Радыё Свабода».

На віцяблянку Натальлю Сьпірыдонаву склалі адміністрацыйны пратакол за публікацыю ў Фэйсбуку анонса акцыі ў падтрымку незалежнасьці, якая адбылася ў Віцебску 29 сьнежня. Міліцыянты палічылі гэта заклікам да правядзеньня несанкцыянаванага масавага мерапрыемства (ч.1 арт. 23.34 КаАП).

Судзьдзя Дубровенскага райсуду Марыя Цыклінская аштрафавала 10 студзеня мясцовую актывістку партыі «Народная Грамада» Натальлю Стрэльчанку на 25 базавых велічынь (675 рублёў) – за ўдзел у менскіх акцыях за незалежнасьць. Яна прызнаная вінаватай у правапарушэньні паводле ч.1 арт.23.34 КаАП.

Акцыя ў падтрымку незалежнасьці Беларусі адбылася ў Віцебску 29 сьнежня 2019 году. Цяпер на ўдзельнікаў пікету складаюць адміністрацыйныя пратаколы паводле арт. 23.34 (парушэньне парадку арганізацыі альбо правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Даты некалькіх судоў ужо вядомыя.